Фрылансеру пагражалі нібыта з Канады, але хто — міліцыя ўстанавіць не можа
Гомельская міліцыя не знайшла асобаў, якія дасылалі пагрозы журналісту-фрылансеру Кастусю Жукоўскаму і яго грамадскаму абаронцу Леаніду Судаленку.
Сумесную заяву фрылансера і праваабаронцы УУС Гомельскага аблвыканкама перанакіравала ў Чыгуначны РАУС Гомеля. Першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі Міхаіл Прывалаў у лісце на імя Судаленкі паведаміў: выяўлена, што 27.11.2018 ад невядомай асобы на паштовую скрыню Судаленкі з электроннага адраса g3dc13+16xgh0e88lcgk@guerrila/mail.com адпраўлены ліст “некарэктнага зместу”. Аднак “устанавіць асобу, якая накіравала ліст на адрас Вашай электроннай паштовай скрыні, не ўяўляецца магчымым”.
Паводле міліцэйскага начальніка, шляхам маніторынгу выяўлены толькі “інтэрнэт-рэсурс www.guerrillamail.com/ru, зарэгістраваны ў Канадзе, з выкарыстаннем якога любы карыстальнік сеткі Інтэрнэт мае магчымасць адпраўляць электронныя лісты з часовай электроннай паштовай скрыні (скрыня сапраўдная цягам 60 хвілін, рэгістрацыя на дадзеным Інтэрнэт-рэсурсе не патрабуецца)”.
Паказальна, што Прывалаў згадвае толькі ліст “некарэктнага зместу” на імя Судаленкі, у якім было напісана: “Думай галавою каго абараняеш, свядомы ўсё роўна ў армію пойдзе як міленькі”. А пра сапраўдную пагрозу Жукоўскаму суцэльнае маўчанне, быццам яе і не было. Між тым зламыснік даслаў персанальна журналісту-фрылансеру ліст наступнага зместу: “Косця, альбо на нары, альбо ў армію. Рыхтуйся. Беражы сябе, а то ў арміі ўсякае бывае, ды і на нарах таксама”.
У той дзень, калі прыйшла згаданая пагроза, Жукоўскі мусіў з’явіцца ў ваенкамат для складання пратакола на падставе артыкула 24.6 КаАП – ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс.
Адміністрацыйную справу супраць Жукоўскага распачаў намеснік начальніка мабілізацыйнага аддзела Захар Смірноў з той прычыны, што ён не прыйшоў на чарговую медычную камісію.
Жукоўскі падаў заяву гарадскому ваеннаму камісару, паколькі лічыць, што ваенкамат выкарыстоўваюць як інструмент для перашкоды фрылансерскай працы. Справа ў тым, што ўлетку медычная камісія прызнала Кастуся годным для ваенных збораў з невялікімі абмежаваннямі, але ў “партызаны” яго так і не накіравалі.
Пасля заявы на імя ваенкама мабілізацыйны аддзел спыніў адміністрацыйную справу супраць Жукоўскага. Не высветлена толькі асоба, якая даслала пагрозу жыццю і здароўю журналісту-фрылансеру.
“Міліцыя хутка знаходзіць тых, хто негатыўна адазваўся пра вышэйшых кіраўнікоў краіны альбо перапосціў інфармацыю пра нейкую забароненую суполку. А калі ж звычайнаму грамадзяніну пагражаюць, то гэта ахоўнікам парадку высветліць не ўдаецца. Пагрозы аказваецца зыходзяць то з Канады, то з Вялікай Брытаніі. Смешна. Быццам недзе ў Канадзе ведаюць, што ваенкамат беспадстаўна цягае мяне на камісію, ці што міліцыя пераследуе мяне за фрылансерства”, – заявіў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.