• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ездзяць на люксовых аўто, а 30 рублёў шкада». Галоўрэд раёнкі паскардзіўся, што ніхто не хоча падпісвацца на газету

    Галоўны рэдактар газеты «Добрушскі край» скардзіцца, што беларусы сталі занадта добра жыць, таму больш не хочуць чытаць раёнку.

    Сергей Чайдак редактор газеты «Добрушскі край»

    Сяргей Чайдак. Фота: з сайта «Флагшток»

    Галоўны рэдактар добрушскай раёнкі разразіўся калонкай, у якой раскрытыкаваў сучасныя норавы і прыгадаў, як добра было раней.

    На развагі пра вечнае яго натхніла тое, што людзі не хочуць падпісвацца на газету. Чайдак сцвярджае, што аб’ездзіў многія прадпрыемствы і сустрэў там непаразуменне.

    «У час правядзення падпісной кампаніі меў гонар сустрэцца з многімі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Размова кожны раз складвалася непрадказальна. Але адна тэндэнцыя зачапіла: чым вышэйшы на канкрэтным прадпрыемстве ўзровень заработнай платы, тым менш разумення», — напісаў мясцовы прапагандыст.

    Далей ён вырашыў залезці ў кішэню жыхарам раёна і папракнуць іх за нібыта вялікія заробкі.

    «А я не магу сабе дазволіць выдаткаваць 30 рублёў на папяровае выданне, мне дзяцей трэба карміць», — заявіў адзін з суразмоўцаў, круцячы ў руках падчас размовы мабільны тэлефон, коштам у яго паўгадавы заробак. Аналагічную рэпліку чуў і ад людзей, што вярталіся з працы дадому на люксовых аўто, набытых у салонах вядомых брэндаў», — наракае Чайдак.

    Лагіка ў яго такая: калі ў цябе дарагі тэлефон, але ты не падпісваешся на «Добрушскі край», значыць, не маеш права скардзіцца на працу камунальных службаў.

    «Зацікаўленасці ў жыцці раёна ніякай, затое прэтэнзій ад такіх людзей можна пачуць дзясяткі. Той самы малады чалавек з дарагім тэлефонам з ходу назваў некалькі праблем, што перашкаджаюць ягонаму камфортнаму жыццю. Гэта не своечасова скошаная трава каля ўваходу ў шматпавярховік, дзіцячая пляцоўка, якая патрабуе фарбавання, няякаснае прыбіранне лесвічнай пляцоўкі, штурханіна ў аўтобусе», — скардзіцца Чайдак.

    У прыклад ён ставіць пенсіянераў, якія са сваёй сціплай пенсіі ўсё ж выдзяляюць грошы і падпісваюцца на раёнку. Усё таму, што яны «памятаюць стыхійныя суботнікі» і як усе разам па чарзе прыбіралі пад’езды.

    «Няўжо праўдзівае сцвярджэнне, што з ростам даходаў і дабрабыту грамадства становіцца больш скупое на спачуванне, дапамогу, але больш патрабавальнае да якасці паслуг і тавараў, сэрвісу?» — пытае Чайдак.

    Далей ён пачаў расказваць, як людзі жылі раней. У тыя часы, калі яны яшчэ хацелі падпісвацца на «Добрушскі край». Тэлевізар тады паказваў тры каналы, забаў ніякіх не было, затое сена і дровы трэба было нарыхтоўваць самастойна. Чайдак з настальгіяй успамінае, як людзі прачыналіся а трэцяй раніцы, каб касіць траву звычайнай касой. А не газонакасілкай, як цяпер.

    Людзей, якія скардзяцца на дрэнную працу камунальных службаў, прапагандыст абвінавачвае ў сацыяльным утрыманстве.

    «Сёння і бензакосы ў кожным двары ёсць, і бензапілы, а сотку-другую пустазелля скасіць каля двара гідзімся, як і спілаваць кустоўнік на пустцы. Усё на ўладу наракаем: мы, маўляў, падаткі плацім, хай нам дастойны ўзровень упарадкавання забяспечваюць. Вось такое сацыяльнае ўтрыманства», — выносіць прысуд сучаснаму грамадству Чайдак.

    На заканчэнне ён паскардзіўся, што мясцовыя жыхары, з якімі ён сустракаўся, навіны чытаюць толькі ў тэлеграм-каналах, таму не асабліва пагружаны ў парадак дня. 

    Чайдак, дарэчы, у 2020 годзе быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах. Потым ён пісаў артыкулы з асуджэннем пратэстуючых беларусаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці