Генпракуратура Расіі прызнала «непажаданай» дзейнасць «польскай арганізацыі Belsat» на тэрыторыі РФ
Пра гэта сказана ў афіцыйным паведамленні на сайце ведамства.

Фота: Vida Press
У ім сцвярджаецца, што «асноўнымі дэклараванымі напрамкамі дзейнасці Belsat з’яўляюцца прадастаўленне аўдыторыі доступу да нібыта непрадузятай і незалежнай інфармацыі. На справе ж адной з ключавых задач з’яўляецца дыскрэдытацыя ўнутранай і знешняй палітыкі расійскіх уладаў, стварэнне негатыўнага іміджу нашай краіны і крытыка інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі».
Паводле расійскай пракуратуры, ва ўмовах правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі «варожая рыторыка» Belsat яшчэ больш узмацнілася. СМІ вінаваціць «кіраўніцтва Расіі ў неабгрунтаванай агрэсіі супраць Украіны, акупацыі яе тэрыторый», а таксама сцвярджае, што ўваходжанне ў склад РФ Рэспублікі Крым, Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік, Запарожскай і Херсонскай абласцей нелігітымнае.
У паведамленні таксама падкрэсліваецца, што Belsat «актыўна супрацоўнічае і распаўсюджвае матэрыялы арганізацый, уключаных у рэестр замежных агентаў і тых, чыя дзейнасць таксама прызнана непажаданай» у Расіі.
Belsat — тэлеканал, створаны паводле дамовы паміж Міністэрствам замежных спраў Польшчы і АТ «Польскае тэлебачанне». Перадачы канала ствараюцца і транслююцца на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.
У Беларусі тэлеканал разам з афіляванымі з ім інтэрнэт-рэсурсамі прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведнае рашэнне 3 лістапада 2021 года прыняло Міністэрства ўнутраных спраў РБ. Сайт belsat.eu, акаўнты канала на Youtube, яго сацыяльныя сеткі і старонкі ў мэсанджарах беларускае Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі».
