Гістарычная праграма «Вусы Скарыны» можа вярнуцца ў новым фармаце
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў яе аўтар Цімох Акудовіч.

Цімох Акудовіч у перадачы «Вусы Скарыны». Скрыншот відэа
Ён адзначыў: «Восенню, калі ўсё складзецца, мы працягнем расказваць пра цікавыя гістарычныя сюжэты, але паспрабуем новы фармат. Будзем эксперыментаваць!»
Спадзяёмся, што эксперымент будзе плённы, як і ўвядзенне ў праграму маляваных катоў-суразмоўцаў. Пра іх Цімох Акудовіч узгадаў асобна: «Ну а каты агулам сталі самастойнымі актарамі беларускай гісторыі. Маю ўжо невялікую калекцыю дзіцячых малюнкаў гэтых трох хвастатых. Дзеці проста падыходзяць і дораць іх на розных імпрэзах. І гэта заўсёды неверагодна прыемна! Думаю, што гэтых катоў чакае аднойчы сольная кар’ера».
«Вусы Скарыны» прызнаныя праектам года па версіі канала «YouTube Беларусi»
Апошні выпуск «Вусоў Скарыны» ў гэтым сезоне выйшаў на мінулым тыдні. У ім гісторык разважае, калі Беларусь перажыла свой залаты век — у часы Полацка, ВКЛ ці БССР.
