• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    Гісторыя Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода пачалася ў 1949 годзе паводле ініцыятывы тагачаснага кіраўніка амерыканскай выведкі Алена Далеса.

    Першая праграма – чэхаславацкая вэрсія (на чэскай і славацкай мовах) – выйшла ў эфір 4 ліпеня 1950 году – якраз у Дзень незалежнасьці ЗША. Пазьней дадалі мовы іншых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, паняволеных Савецкім Саюзам.

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    Гадзіньнік у бкдынку Радыё Свабодная Эўропа/Радый Свабода. Фота 1964 году

    Пазьней адкрылі вяшчаньне на СССР, і першай стала расейская рэдакцыя, якая адкрылася ў сакавіку 1953 году. Яна пачала працу за чатыры дні да сьмерці савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна і набыла шырокую аўдыторыю, асьвятляючы сьмерць і наступную барацьбу за ўладу ў Крамлі.

    З 1953 па 1959 год радыёстанцыя называлася Радыё Вызваленьне. Першыя пяць гадоў пасьля стварэньня беларускай сэкцыі 20 траўня 1954 году яе праграмы трансьляваліся як Радыё Вызваленьне, а потым ужо перайменавалі ў Радыё Свабода.

    Першыя журналісты беларускай сэкцыі: Сымон Кабыш, Пятро Сыч, Лявон Карась, Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Яны падрыхтавалі першую беларускамоўную праграму

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    Супрацоўнікі карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL) у тэхнічным пакоі студыі, адкуль запісы радыёперадач на розных мовах трансьлявалі на тэрыторыю СССР і краіны Ўсходняй Эўропы

    Спачатку, дарэчы, Радыё Свабодная Эўропа і Радыё Свабода былі асобнымі арганізацыямі, хоць і выконвалі падобныя функцыі. Яны былі аб’яднаныя пад адным дахам, у адзіную карпарацыю, у 1976 годзе.

    Трэба сказаць, што праграмы Радыё Свабода пастаянна глушыліся ў СССР (у адрозьненьне, напрыклад, ад «Голасу Амэрыкі», калі яго глушэньне спынялі двойчы падчас «разрадкі» ў адносінах паміж ЗША і СССР).

    Радыё Свабода глушылі да 1988 году, то бок спынілі глушыць толькі праз тры гады палітыкі «галоснасьці» і адкрытасьці, абвешчанай Міхаілам Гарбачовым у 1985 годзе.

    «Галасы пад сярпом». Як у часы СССР змагаліся з «варожымі» радыёстанцыямі

    Мюнхен, аэрапорт

    Малавядомы – гісторыя Радыё Свабода пачыналася з будынку аэрапорту Обэрвэйзэнфелд у Мюнхене. Гэты будынак узьвялі ў 1930‑х гадах, часткова ў той пэрыяд, калі ў Нямеччыне ўжо быў пры ўладзе Гітлер.

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    Стары будынак аэрапорту, у якім спачатку ў Мюнхене, у 1953–1967 гадах, разьмяшчаўся офіс Радыё Свабода

    З гэтым аэрапортам зьвязана яшчэ адна гісторыя – менавіта сюды прыляталі брытанскі лідэр Нэвіл Чэмбэрлен і францускі лідэр Эдуар Дэлад’е ляцелі на перамовы з Гітлерам і італьянскім дыктатарам Мусаліні і ў ноч з 29 на 30 верасьня падпісалі так званае «Мюнхэнскае пагадненьне», якое фактычна перадала Гітлеру Судэцкую вобласьць Чэхаславаччыны.

    Але гэта не выратавала Эўропу – і менш чым праз год пачалася Другая ўсясьветная вайна.

    «Будынак служыў Мюнхэнскім аэрапортам… (і адыграў) гістарычную, трагічную ролю, улічваючы наступствы. Гісторыя будынка пачалася ў цемры, як сымбаль уміратварэньня і здрады», – кажа Іван Талстой з Радыё Свабодная Эўропа, які вывучае гісторыю радыё.

    «Але потым, у 1950‑х гадах, адбылося адраджэньне. З гэтага самага месца голас свабоды пачаў трансьлявацца ў Савецкі Саюз і Ўсходнюю Эўропу», – дадаў ён.

    Зробленая на 3‑D прынтэры мадэль мюнхенскага аэрапорту, дзе ў в 1953–1967 гадах разьмяшчалася Радый Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, якое спачатку называлася Радыё Вызваленьне

    Зараз на Радыё Свабода Іван Талстой з калегамі аднавілі пры дапамозе 3D прынтэра копію мюнхэнскага аэрапорту і яна выстаўляецца на чацьвёртым паверсе цяперашняй штаб-кватэры, дзе знаходзяцца таксама офісы кіраўніцтва мэдыйнай карпарацыі.

    Англійскі парк

    Потым, у 1967 годзе, Радыё Вольная Эўропа/Радыё Свабода перамясьцілася ў тым жа Мюнхэне ў будынак колішняй лякарні ў Англійскім парку.

    Гэта была «залатая эра» Радыё Свабода, якое ў 1990 годзе мела найбольшую аўдыторыю ў СССР у параўнаньні зь іншымі іншаземнымі вяшчальнікамі. Мільёны людзей штотыдзень, нягледзячы на жалезную завесу, уключалі Радыё Свабода на кароткіх хвалях, пераадольваючы спробы СССР заглушыць сыгнал.

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    У 1976 годзе Радыё Свабодная Эўропа і Радыё Свабода аб’ядналі ў адну карпарацыю, штаб-кватэру якой разьмясьцілі ў Мюнхене у гэтым будынку побач з Англійскім паркам

    З будынкам у Англійскім парку зьвязаны і выбух увечары 21 лютага 1981 году, калі пад кіраўніцтвам міжнароднага тэрарыста «Карласа Шакала» падарвалі 15 кіляграмаў выбухоўкі каля будынку Радыё Свабода. Ён быў моцна пашкоджаны, бо моц выбуху нават падняла ў паветра друкарскія машынкі, якія ляцелі па калідорах ад выбуховай хвалі.

    Тэрарыст і ягоныя памагатыя дзейнічалі па заказу румынскіх спэцслужб дыктатара Нікалае Чаўшэску.

    У будынку Радыё Свабода ў Мюнхене пасьля тэрарыстычнага акту ў лютым 1981 году

    Глен Фэргюсон, тагачасны прэзыдэнт Радыё Свабода, на наступную раніцу напісаў супрацоўнікам у лісьце: «Чатыры з нашых супрацоўнікаў атрымалі раненьні, наш будынак пашкоджаны, але РВЭ/РС будзе працягваць вяшчаньне».

    Пераезд у Прагу

    Пасьля завяршэньня Халоднай вайны і шэрагу «аксамітных рэвалюцый» у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў 1989 годзе, калі ўпалі камуністычныя рэжымы, а таксама пасьля распаду СССР у 1991 годзе і агульнага пацяпленьня паміж ЗША і Расеяй, узьнікла пытаньне: а ці патрэбна Радыё Свабода?

    Гучалі прапановы пра поўнае закрыцьцё, але вырашылі закрыць службы на краіны, якія пачыналі замацоўвацца ў заходнім сьвеце, — спачатку закрылі Польскую і Чэскую рэдакцыі. А пазьней: Славацкую, Вугорскую, а таксама, напрыклад, балтыйскія службы — Эстонскую, Латыскую і Літоўскую.

    Колішняя эмблема Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода

    Існавала ўсьведамленьне непазьбежнасьці эпохі скарачэньня фінансаваньня і трэба было шукаць больш танны варыянт, чым Мюнхэн.

    Дарэчы, мы разглядалі некалькі варыянтаў – сярод іх, скажам, Будапэшт, але вырашылі ня ехаць у сталіцу Вугоршчыны, бо супрацоўнікам было б цяжка вывучыць вугорскую мову – адну з самых складаных у Эўропе.

    Была нават ідэя пераехаць на Сыцылію, дзе якраз закрывалася адна з вайсковых баз NATO, але гэты варыянт не спрацаваў з лягістычныя прычын – дрэннае злучэньне вострава з мацерыком у той час.

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    Прага, 1968 год, савецкая акупацыя і падаўленьне Праскай вясны. Людзі на вуліцах слухаюць радыё. Справа можна пабачыць каркас будынку будучага фэдэральнага парлямэнту Чэхаславаччыны, у якім у 1995 годзе разьмесьціцца Радыё Свабода

    Спыніліся на Празе — і з пункту гледжаньня цаны, і нават з пункту гледжаньня неабходнасьці быць геаграфічна бліжэй да аўдыторыі, а таксама як сымбаль «вызваленьня» Прагі і Чэхіі ад савецкага панаваньня. Гэта значыць, супрацоўнікі Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода прыехалі ў Прагу пераможцамі — але на аўтобусах, а не на танках.

    Такім чынам, з 1995 году Радыё Свабода разьмяшчаецца ў былым будынку фэдэральнага парлямэнту Чэхаславаччыны. Будынак знаходзіцца ў самым цэнтры Прагі, на Вацлаўскай плошчы. Ён быў пабудаваны ў канцы 1960‑х гадоў.

    Ён апусьцеў пасьля «аксамітнага разводу» паміж Чэхіяй і Славаччынай, якія сталі асобнымі краінамі 1 студзеня 1993 году.

    Тагачасны прэзыдэнт Вацлаў Гавэл запрасіў Радыё Свабода ў Прагу ў пусты будынак былога фэдэральнага парлямэнта за сымбалічную плату ў адну крону на год.

    Колішні прэзыдэнт Вацлаў Гавэл быў старшынём на першым рэдакцыйным сходзе ў новым будынку Радыё Свабода ў Празі. 27 сакавіка 2009 году

     
    Але вынікала шмат праблем з бясьпекай, асабліва пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году і стварэньня Аўганскай, Іранскай і Арабскай моўных службаў для Іраку. Праскія гарадзкія ўлады былі незадаволеныя ўзмоцненымі захадамі бясьпекі і нават прысутнасьцю БТРаў у цэнтры горада, у якім шмат турыстаў. Для бясьпекі па пэрымэтры ўсталявалі бэтонныя бар’еры, якія запаволілі рух у цэнтры Прагі.
     
    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    У гэтым будынку з 1995 да 2009 году на Вацлаўскай плошчы ў Празе разьмячалася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Цяпер гэта Нацыянальны музэй

    Зараз у гэтым будынку — частка Нацыянальнага музэю Чэхіі, але ў ім захаваўся вялікі лягатып Радыё Свабода.

    «Тыповая амэрыканская амбасада»

    Урэшце ў 2000‑х гадах вырашылі пабудаваць адмысловы будынак для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — новы, эксклюзіўны будынак, а не перарабляць ужо існуючую.

    Абралі раён Hag­i­bor на ўсходзе Прагі — гэта ня цэнтар, але і не прыгарад.

    Будынак Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе

    Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пераехала ў свой новы дом у 2009 годзе, перад будынкам узьнялі амэрыканскі, чэскі, а таксама свой уласны «свабодаўскі» сьцяг з лягатыпам карпарацыі.

    Як сказаў адзін журналіст з Кіева, які наведаў будынак Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода: «О, гэта выглядае як тыповая амэрыканская амбасада!».

    Першую рэдакцыйную сустрэчу ўсяго Радыё ў Празе адкрыў і правёў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. З таго часу канфэрэнц-заля і заля пасяджэньняў у штаб-кватэры Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода называецца «Заля Гавэла».

    Цяпер Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода вяшчае ў 27 краінах на 23 мовах для штотыднёвай аўдыторыі амаль 50 мільёнаў гледачоў, чытачоў і слухачоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці