Блогер, які затроліў Гайдукевіча, расказаў, чаму яго звольнілі з Kyky.org
Зорка тыктоку Глеб Сямёнаў запісаў апошні развітальны ролік. Ён расказаў «Нашай Ніве», у чым прычына звальнення.

Глеб Сямёнаў. Крыніца фота: Наша Ніва
Пра звальненне Глеба папярэдзілі за два тыдні. Блогер кажа, што гэта «праз Трампа». Рэдакцыя пераходзіць на рэжым жорсткай эканоміі.
«У мэтах эканоміі будуць абыходзіцца намаганнямі меншай колькасці людзей, — расказвае ён. — Наколькі я разумею, у Kyky застаюцца людзі, якія цяпер робяць рылсы, магчыма, яны стануць перазалівацца ў тыкток. Сумняюся, што з’явіцца нейкі асобны твар, які стане весці профіль. У рэдакцыі дакладна ёсць жаданне захаваць жыццё канала, але невядома, у якой форме».
@kykyorg Don’t forget me 🥲
Глеб Сямёнаў цяпер шукае працу ў журналістыцы. Ён не хоча ісці з прафесіі, бо лічыць, што знайшоў сябе ў ёй. Глеб працягвае ўдзельнічаць у гумарыстычным шоу «о(б)суждаем», у праекце «Как это понимать» з Арцёмам Шрайбманам.
«Ёсць нейкі запас ідэй, якія я не паспеў рэалізаваць. Тыя карцінкі, якія я бачу і спрабую потым ператварыць у відэа, патрэбныя свету. Я ў гэтым упэўніўся за два гады, што вёў тыкток Kyky. Спрабую знайсці ў сабе прычыну, каб паспрабаваць зноў. Усё ж мне не 50 гадоў, не магу сказаць, што маё жыццё скончана.
Калі беларускія медыя застануцца закрытымі для ўваходу, магчыма, пайду ў расійскія, хто ведае. Уяўляю, што калі ўладкуюся ў расійскі нейкі СМІ, злыя языкі пачнуць казаць «ён пракрамлёўскі», «рускамірны», «мы ж казалі».
Сітуацыя слізкая: калі звязваеш жыццё з беларускімі медыя, то з голаду трэба памерці на вуліцы, але затое герой. А калі з расійскімі, то адразу здраднік», — кажа Глеб.
