Глыбоцкая раёнка рэкламуе TikTok
Сайт глыбоцкай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» размясціў рэкламны артыкул пра кітайскую платформу пад загалоўкам «TikTok зробіць вас дурнейшым».

Скрыншот сайта
Паводле глыбоцкай раёнкі, сцвярджэнне, што TikTok робіць людзей дурней, гучыць як спрошчанае і павярхоўнае меркаванне, якое не ўлічвае разнастайнасць фактараў, якія ўплываюць на ўспрыманне гэтай платформы.
«Вінаваціць TikTok у тым, што ён зніжае інтэлектуальны ўзровень роўна сцвярджэнню, што інтэрнэт у цэлым робіць нас дурнейшым. Аднак уплыў любой платформы вызначаецца не яе існаваннем, а тым, які кантэнт мы выбіраем для прагляду і як мы ўзаемадзейнічаем з гэтым кантэнтам», — піша сайт vg-gazeta.by.
Далей у артыкуле ідзе параўнанне TikTok з іншымі носьбітамі інфармацыі, такімі як тэлебачанне і кнігі: «На экране можна знайсці як пазнавальныя дакументальныя фільмы, так і вар’яцкія японскія забаўляльныя шоу, якія не нясуць асаблівай інтэлектуальнай нагрузкі. Тое ж самае тычыцца кніг».
Аўтар разважае, што TikTok, як і медыя, прапануе карыстальніку выбар, і «менавіта гэты выбар вызначае, ці будзе платформа развіваць ці, наадварот, абмяжоўваць яго здольнасці». І далей рэкламуе гэтую платформу.
Параўнання ў гэтым артыкуле з сітуацыяй у медыйнай прасторы і сетцы інтэрнэт з беларускімі рэаліямі няма. Як і не было нічога сказана пра свабоду выбару кантэнту ў Беларусі і ўплыў беларускага тэлебачання на розумы людзей.
