Глыбоцкая суполка БАЖ зладзіла “Жаніцьбу Цярэшкі”
Глыбоцкая суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правяла выніковы сход у беларускай аграсядзібе “Родны кут”. А таксама зладзіла разам з сябрамі і аднадумцамі старадаўняе беларускае ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі”.
На пачатку мерапрыемства сябры суполкі ўзгадалі свае найбольш паспяховыя ініцыятывы і ўзнагародзілі самых актыўных сяброў. Потым разгледзелі папярэдні план мерапрыемстваў усёй арганізацыі ўцэлым і сваёй суполкі ў прыватнасці на новы год. Лідарка суполкі Таццяна Смоткіна нагадала пра справаздачна-выбарчы сход, а потым і пра Х з’езд арганізацыі, які мае адбыцца ўвесну 2018 года.
Пасля абмеркавання рабочых пытанняў журналісты і іх сябры прынялі ўдзел у беларускім ігрышчы “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэтую традыцыю яны пачалі адраджаць на Глыбоччыне тры гады таму. Калісьці гэта быў вельмі папулярны абрад у іх мясцовасці. Потым традыцыя была перарваная. Цяпер жа ігрышчам пачало цікавіцца ўсё больш мясцовых людзей ды ўладальнікаў аграсядзіб. Таму арганізатары ўпэўненыя, што ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі” будзе пашырацца ў раёне і захапляць сваёй самабытнасцю аматараў беларускай культуры. І вельмі добра, што журналісты не толькі асвятляюць культурніцкія падзеі, але і спрыяюць іх захаванню ў сваім рэгіёне.
Дапамагаюць жа праводзіць ігрышча глыбачанам знаўцы і падаўжальнікі гэтай традыцыі з Лепельшчыны на чале з Васілём Шкіндзерам. Ён неаднаразова з сябрамі ладзіў экспедыцыі па вёсках з мэтай вывучэння мясцовага фальклору. Абрад “Жаніцьба Цярэшкі” таксама быў і ёсць папулярным на Лепельшчыне, ніколі не перарываўся і нават занесены ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Сёлета на Глыбоччыне ў абрадзе паўдзельнічалі не толькі мясцовыя жыхары ды беларусы з суседніх гарадоў, але і госці з Расеі ды Амерыкі. Бачна, што цікавасць да вясельнага ігрышча на Глыбоччыне ёсць.
Напрыканцы свята глыбоцкія журналісты падзякавалі лепяльчанам за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства, зладзілі агульную бяседу і павіншавалі адно аднаго з Новым годам і надыходзячым праваслаўным Раством.