Глыбоцкія журналісты наведалі былога вязня ГУЛАГу Міколу Конана
Глыбоцкія журналісты разам з грамадскімі актывістамі з Шаркоўшчыны наведалі былога вязня ГУЛАГу, сябра Саюзу беларускай моладзі Міколу Конана. Ён жыве ў вёсцы Лужкі Шаркоўшчынскага раёна разам з жонкай. Цяпер яму 88 год.
Мікола Конан атрымаў 10 год лагераў за адмову стаць “сексотам” КДБ. А пераслед спадара Міколы пачаўся, калі ён, яшчэ не ведаючы пра існаванне Саюза беларускіх патрыётаў, друкаваў для іх прысягу па просьбе сябра Васіля Мядзельца. Гэта адбывалася падчас яго навучання ў Глыбоцкай педвучэльні.
Мікола Конан быў вязнем ГУЛАГу шэсць год. Падчас знаходжання ў лагеры быў удзельнікам вядомага Нарыльскага паўстання ў 1953 годзе. Гэта было самае працяглае і масавае выступленне вязняў у гісторыі ГУЛАГу. Хваляванні адбываліся ва ўсіх шасці лагерах. У паўстанні ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек, практычна ўсе катэгорыі зняволеных.
З журналістамі прыехаў і мастак з Шаркоўшчыны Віктар Крук. У той час, як журналісты размаўлялі з Міколам Конанам, ён рабіў накіды яго партрэта. Партрэт павінен быць гатовы да дня народзінаў былога вязня ГУЛАГу, які спадар Мікола будзе адзначаць у кастрычніку.
Мікола Конан распавёў журналістам і пра тое, чаму ў дзяцінстве ім з братам далі мянушкі “беларусікі”. Па словах мужчыны, пачатковую адукацыю ён атрымаў у польскай школе, што знаходзілася ў роднай вёсцы Лужкі. Нягледзячы на моцны польскі ўплыў, дзякуючы бацькам ён з братам адчуваў подых беларускасці. У той час, як у школе гучала толькі польская мова, дома бацька вучыў сыноў роднай. З вяскоўцамі бацька таксама намагаўся гаварыць толькі па-беларуску. Таму дарослых Конанаў у Лужках па-вулічнаму клікалі беларусамі, а малых, адпаведна, беларусікамі.
Паводле Міколы Конана, пасля вызвалення з ГУЛАГу ў верасні 1954 года ён накіраваўся ў Беларусь. Але сутыкнуўся там з адмоўным стаўленнем да сябе з боку мясцовай адміністрацыі і не змог уладкавацца на годную працу (да зняволення ёе працаваў настаўнікам у вёсцы Залессе Глыбоцкага раёна). Таму мужчына разам з сябрам Іванам Бабічам вымушаны быў з’ехаць у Інту, дзе ўладкаваўся на працу шахцёрам. Толькі па выхадзе на пенсію Мікола Конан вярнуўся ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, у родную вёску Лужкі.
Спадар Мікола быў рэабілітаваны ў 1993 годзе, працэс рэабілітацыі цягнуўся аж два гады. Пасля ён займаўся і творчасцю: пісаў вершы,браў удзел у напісанні ўспамінаў да кнігі “Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў”.
Цяпер, на жаль, пасля інсульту спадар Мікола ўжо не піша, бо яму складана трымаць у руках асадку. Пасля хваробы яму цяжка даецца і гаворка. Нягледзячы на гэта, спадар Мікола Конан гасцінна сустрэў журналістаў і грамадскіх актывістаў, якія яго наведалі з гасцінцамі. Сустрэча з беларускім патрыётам скончылася чаяваннем за агульным сталом.