Гомельскага фрылансера Кастуся Жукоўскага аштрафавалі на 30 базавых
2 красавіка суддзя Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Бакуноў пастанавіў аштрафаваць на 30 базавых велічыняў (5,4 мільёна рублёў) фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (ч.2 арт.22.9 КаАП), а фактычна за супрацу з замежнымі без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.
Падставай для завядзення справы стала нататка пад назвай “За забітае дзіцё пакаралі педагогаў ды медыкаў”, змешчаная 6 лютага на сайце тэлеканала “Белсат” за подпісам Алеся Яшчанкі. У відэа распавядалася пра забойства трохмесячнай дзяўчынкі, якая нарадзілася ў сацыяльна небяспечнай сям’і. За забітае немаўля пакаралі педагогаў і медыкаў.
Як вынікае з адміністрацыйнай справы, сюжэт на тэлеканале “Белсат” адсачыла рэгіянальнае ўпраўленне ўнутраных спраў, якое вядзе маніторынг публікацый. Чыгуначнаму РАУС г. Гомеля было даручана правесці разбіральніцтва. Капітан міліцыі Віктар Сцепаненка ездзіў у СШ№12, апытаў супрацоўнікаў гэтай навучальнай установы, якія фігуралаві ў відэасюжэце, паказваў фотаздымак Жукоўскага і пытаўся, ці ён вёў здымкі.
Фрылансер гэтага і не адмаўляў, бо на ўваходзе ў школу зарэгістраваўся па пашпарце ў кнізе наведвальнікаў. Ён кажа, што відэаматэрыял размясціў на YouTube і цешыцца, што яго часткова выкарыстаў тэлеканал “Белсат”.
“Я не з’яўляюся Яшчанкам, – кажа сп. Жукоўскі. – І я не вырабляў “прадукцыю СМІ”, бо не ведаю нават, як гэта зрабіць. Прадукцыю СМІ вырабіў і распаўсюдзіў сам “Белсат”. А я паводле Канстытуцыі маю права і магу сабраць інфармацыю, запісаць відэа і выкласці ўсё гэта ў інтэрнэт. Магу нават даслаць гэта на любы тэлеканал, дзе з матэрыялам працуюць прафесійныя людзі і робяць тое, за што чапляюцца ўлады да фрылансераў”.
Перад пачаткам разбіральніцтва суддзя адхіліў хадайніцтва Жукоўскага пра тое, каб яго інтарэсы як сябра ГА “БАЖ” прадстаўляў юрыст, таксама сябра арганізацыі, Леанід Судаленка. Таксама ён адмовіўся весці разгляд справы на беларускай мове і адмовіў ён Жукоўскаму ў праве запрасіць перакладчыка.
Кастусь Жукоўскі ў судзе