• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельская журналістка просіць дапамогі, каб застацца ў прафесіі

    Гомельская журналістка Ксенія Чындарава працавала ў Беларусі да апошняга і з’ехала праз размову ў КДБ. Фонд BYSOL аб’явіў збор, каб дапамагчы медыйшчыцы працягнуць сваю прафесійную дзейнасць.

    Гомельская журналістка Ксенія Чындарава

    Ксенія Чындарава. Фота: з уласнага архіва

    Ксенія Чындарава актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах і акцыях у Гомелі, як палітычных, так і культурніцкіх. Як магла, папулярызавала беларускасць у сваім горадзе.

    — Напрыклад, калі яшчэ працавала ў выдавецтве, усе нашыя сацсеткі і рэклама былі выключна на беларускай мове. Як і віншаванні са святамі для партнёраў, — распавядае яна пра сябе.

    2020 год спадарыня Чындарава успамінае як надзею, што з’явілася ўпершыню за вялікі час .

    — Ён выправіў уражанне пра беларусаў, паказаў, што мы годная нацыя, што багата ў краіне цудоўных людзей, а значыцца, раней ці пазней мы дачакаемся перамен, — дадае Ксенія.

    Пасля тых падзей журналістка працягвала жыць у Гомелі. Ёй прапанавала супрацоўніцтва рэгіянальнае СМІ «Штодзень».

    —  У 2023 годзе, калі рэсурс прызналі экстрэмісцкім, я працягвала працаваць. Чаму? У мяне не было магчымасці спыніць самалёты, што ляцелі праз Гомель бамбардзіраваць Украіну, я не магла зрабіць нічога, каб палітзняволеныя выйшлі на волю. Мабыць, адзінае, што заставалася – пісаць артыкулы, — падкрэслівае журналістка.

    Праблемы пачаліся з восені 2024 года. Спачатку спадарыню Чындараву выклікалі ў аддзел па кібербяспецы ў міліцыі. Ёй сказалі, што яе тэлефон нібыта рассылае фішынгавыя спасылкі, трэба спраўдзіць, што да чаго. Па выніку нічога не знайшлі.

    — Толькі цяпер разумею, што сілавікам трэба было пацвержанне, што здымкі з нашага парталу зроблены маёй прыладай. Мяне затрымалі ў студзені гэтага года на польскай мяжы. Выклікалі на агляд, праверылі тэлефон і знайшлі нейкія лайкі. Але мне пашанцавала: трапіліся выключна адэкватныя супрацоўнікі, звярталіся ветліва і выключна на «вы». Праз некалькі дзён у ізалятары быў суд. Нагадвала канвеер. Мужчына са стомленым тварам механічна зачытваў адныя і тыя ж фармуліроўкі, бо аналагічных спраў багата. Прысудзілі штраф, які аплаціла.

    Спачатку ў журналісткі склалася ўражанне, што яе затрымалі выпадкова. Але яна адразу вырашыла, што з адміністратыўным артыкулам заставацца ў Беларусі небяспечна. Вырашыла з’ехаць, але планава, каб закрыць усе справы.

    — Праўда, прыйшлося рабіць усё інакш, бо праз некалькі тыдняў на размову «запрасіла» КДБ. Пагражалі зняволеннем, расправай над роднымі — тут усё стандартна. Выйшла адтуль ў стане глыбокага шоку. Зразумела, што трэба з’язджаць неадкладна. За мяжой спатрэбілася пару тыдняў, каб вярнуліся апетыт і сон і збольшага знікла паранойя. Хаця на незнаёмыя машыны пад вокнамі ці званкі з незнаёмага нумара ўсё роўна пакуль рэагую трохі нервова, — распавядае медыйшчыца.

    Ксенія яшчэ не вырашыла, чым глабальна будзе займацца, але ўпэўнена, што журналістыка ў тым ці іншым выпадку ў яе жыцці застанецца. Вось толькі пры ад’ездзе яна пакінула дома ўсю тэхніку, а без ноўтбука працаваць проста немагчыма. 

    — Буду ўдзячна, калі дапаможаце вырашыць гэтую праблему і як мага хутчэй вярнуцца ў прафесію, — піша спадарыня Чындарава.

    Сума збора: 1500 еўра

    Гэтыя грошы будуць накіраваныя на набыццё ноўтбука.

    ДАПАМАГЧЫ КАЛЕЗЕ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці