Гомельскімі дзяржаўнымі СМІ кіруюць сілавікі
Галоўным рэдактарам рагачоўскай раёнкі «Свабоднае слова» старшыня Гомельскага аблвыканкама прызначыў Жану Шабашаву. Яна вядомая не толькі як прапагандыстка, якая пісала пасквілі на апазіцыянераў. У мінулым яна працавала супрацоўнікам прэс-цэнтра УУС Гомельскага аблвыканкама. Прынамсі, у 2011 годзе ў газеце «Свабоднае слова» яна падпісвалася менавіта як «супрацоўнік УУС». Пісала яна ў рубрыках «ЧП і крымінал» і «Здарэнні».

Жана Шабашава. Фота: «Свабоднае слова»
Аднак у 2023 годзе як намесніца галоўнага рэдактара Жана Шабашава пачынае пісаць пра “калектыўны захад”, “братэрскі расейскі народ” і “беглых палітычных аферыстаў”. Таксама менавіта з яе допісу ў газеце “Свабоднае слова” стала вядома пра крымінальную справу за абразу прэзідэнта ў дачыненні да Дзяніса Дашкевіча. А ў 2024 годзе яна ўжо піша ў рубрыцы “Палітыка” пра экстрэмісцкія чаты, разбэшчанасць на Алімпіядзе ў Парыжы і кепскую дэмакратыю на захадзе.
“Свабоднае слова” – не адзіная газета на Гомельшчыне, якой кіруюць прызначэнцы з міліцыі. Так, у студзені 2023 года намеснікам галоўнага рэдактара “Гомельскіх ведамасцяў” прызначылі падпалкоўніка міліцыі Віталія Прыстромава.
