Гродзенскі сябра БАЖ — пераможца конкурсу «Абліччы крэсаў»
Фатограф з Гродна, сябра БАЖ Аляксандр Саенка стаў адным з пераможцаў конкурсу «Абліччы крэсаў».
Творчае спаборніцтва арганізаваў рэгіянальны цэнтр міжнародных дэбатаў у Беластоку пры супрацы з таварыствам адукацыі і дыялогу Fontis et Futuna і моладзевым домам культуры ў Беластоку.
Вынікі конкурсу можна пабачыць цягам месяца ў цэнтры Беластока — на плошчы Касцюшкі каля помніка Пілсудскаму. На здымках канкурсантаў выявы людзей, падзеі, помнікі архітэктуры, помнікі на могілках, прыродныя з’явы.
Фотаздымкі аўтарства Аляксандра Саенкі — гэта помнікі на могілках. Адзін з іх паказвае помнік без галавы, замест яе аблокі ў небе. Другі здымак — праяўленая постаць Ісуса.
Партнёрамі конкурсу стала вялікая колькасць розных польскіх, беларускіх і латышскіх арганізацый, сярод якіх гродзенскі «Цэнтр гарадскога жыцця», незалежны Саюз палякаў у Беларусі, дзяржаўная Польская гімназія ў Даўгаўпілсе. Конкурс адбываўся пад патранатам журналіста і пісьменніка Томаша Гжыважэўскага.