Папаўненне ў «экстрэмісцкім спісe» Мінінфарма: група Reform.news у «Одноклассниках» і пост «Белсата» ў Telegram
Міністэрства інфармацыі Беларусі 4 чэрвеня абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Фота: reform.news
Туды ўключылі групу ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» пад назвай «Новости Беларуси от Reform.news» з ідэнтыфікатарам ok.ru/reformnews. Адпаведнае рашэнне 28 траўня прыняў суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.
Гэтаксама экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй абвешчаны пост з Telegram-канала «Белсат» ад 3 студзеня 2024 года (ідэнтыфікатар t.me/belsat/111040). Гэта допіс з фотаздымкамі пра тое, як у мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры падтрымліваюць вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі, якія ваююць ва Украіне. Ён прызнаны «экстрэмісцкім» паводле рашэння суда Партызанскага раёна Мінска ад 27 траўня.
Апрача гэтага, у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключылі асабістыя старонкі блогера Аляксандра Пятрухіна ў «Одноклассниках» і Facebook, Telegram-канал «Народный репортер» і групу «NEXTA Белоруссия 97%. Поддержка. Помощь» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
