ГУБАЗіК пагражае Мікіту Мелказёраву ціскам на родных, а прапагандыст Казакоў заклікае расстраляць
Абурэнне выклікала тое, што Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку «кавалкам лайна».
ГУБАЗіК пагражае блогеру Мікіту Мелказёраву. У сваім тэлеграм-канале сілавікі напісалі, што ператрусы і допыты родных журналіста Мелказёрава будуць праведзеныя з асаблівым стаўленнем.
Таксама яму пагражаюць «кватэрным пытаннем» — гэта калі ГУБАЗіК граміць кватэры людзей і здымае гэта на відэа.
Прапагандыст Кірыл Казакоў, намеснік генеральнага дырэктара агенцтва «Мінск-Навіны» і галоўны рэдактар газеты «Мінскі кур’ер», таксама накінуўся на блогера Мікіту Мелказёрава.
«Для такіх, як Мікіта Мелказёраў, мне падаецца, трэба ў індывідуальным парадку ўводзіць ваеннае становішча — і суд-тройка і расстрэл на месцы. Выключны спіс для такога гаўна трэба ўводзіць пры любой магчымасці знаходжання на тэрыторыі Беларусі.
Калі гэта жывёліна захоча калі-небудзь памяняць беларускі пашпарт, калі гэта жывёліна нарэшце захоча памяняць сабе зубы, калі проста гэта жывёліна нейкім чынам паспрабуе назваць сябе яшчэ беларусам, я ў прынцыпе гатовы выступіць адным з членаў гэтай тройкі для таго, каб асабіста гэту жывёліну зжыць са свету», — абразліва выказаўся Казакоў.
Ён заявіў, што сябры і знаёмыя блогера «павінны вырачыся гэтага чалавека публічна».
«Такіх людзей сапраўды трэба страляць», — паўтарыў Казакоў.
Такую рэакцыю выклікалі словы Мелказёрава з выпуску пра Панцеляймона Панамарэнку. Блогер назваў дзеяча «кавалкам лайна», бо той быў русіфікатарам. У лісце да Сталіна «О белорусском языке, литературе и писателях» Панамарэнка выступаў супраць беларускай мовы (Панамарэнка быў ураджэнцам Кубані), пісьменнікаў Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Кандрата Крапівы і іншых.
Разам з тым, калі пасля Другой сусветнай вайны Сталін хацеў перадаць РСФСР Полацкую вобласць, Панамарэнка змог Полацк адстаяць і вобласць засталася ў складзе БССР.