БАЖ і Марыя Калеснікава атрымаюць нямецкую Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека
Прэмія Гюнтэра Вальрафа (Günter Wallraff Prize for Press Freedom and Human Rights) прысуджаецца ініцыятывай Initiative for News Enlightenment і паклікана прыцягнуць увагу да тэм і дыскурсаў, якія не знаходзяцца на паверхні міжнародных медыя. Сёлета яе ўручаць 9‑га траўня ў Кёльне.
На думку стваральнікаў ініцыятывы, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі сёння патрабуе дадатковай увагі.
У прыватнасці, сітуацыя са свабодай прэсы і тымі актывістамі, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў турмах у Беларусі за сваю прыхільнасць да свабоды і правоў чалавека, у значнай ступені знікла з асвятлення і грамадскай свядомасці.
Таму сёлета пераможцамі прэміі названыя Беларуская асацыцяцыя журналістаў — за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова. А таксама палізняволеная Марыя Калеснікава — сімвалічная фігура, якая можа выступаць у якасці прадстаўніка многіх людзей, якія ахвяравалі сваёй свабодай і жыццём за свабодную і дэмакратычную Беларусь.
— Гэтая прэмія для нас — яшчэ адна важная магчымасць нагадаць пра 40 журналістаў і журналістак, якія сёння знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі за сваю прафесію. Патрабаванне вызваліць медыйшчыкаў павінна гучаць на ўсіх міжнародных пляцоўках, бо гэтыя людзі проста ўзятыя ў закладнікі за сваю працу. У цэнтры Еўропы як мінімум 1200 палітзняволеных, сярод якіх 40 журналістаў, — гаворыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
У розныя гады лаўрэатамі Прэміі былі Аляксей Навальны, Джуліян Ассанж, Еўрапейская журналісцкая абсерваторыя, ізраільская і палестынская ініцыятывы Women Wage Peace і Women of the Sun.
