Хаб «Новая Зямля» запускае Школу блогераў у Беластоку
Школа пачне дзейнічаць ужо 26 кастрычніка. Наведвальнікаў будуць вучыць ствараць відэа- і аўдыёкантэнт, а на заняткі плануюць запрашаць вядомых беларускіх блогераў.

Фота: cottonbro studio / pexels.com
Беларускі Хаб «Новая Зямля» у Беластоку запускае навучальны курс «Школа блогераў», піша Беларускае Радыё Рацыя.
Удзельнікаў будуць вучыць здымаць і мантаваць ролікі для YouTube, TikTok i Instagram, пераадольваць псіхалагічны бар’ер перад камерай, ствараць і прасоўваць відэа- і аўдыакантэнт, расказала арганізатарка, кіраўніца праўлення фонда «Новая Зямля» Надзея Салаўёва.
— Няма краіны, няма зямлі, і мы тут усе параскіданыя. І дзякуючы тым цудоўным відэа, якія мы глядзім з розных пляцовак і розных дыяспар, мы даведваемся, што беларускасць жыве, ідэнтычнасць захоўваецца, людзі штосьці робяць, — кажа Надзея пра мэты школы. Яна таксама адзначае, што ў выпускнікоў школы з’явяцца дадатковыя магчымасці для заробку, што важна для эмігрантаў.
Вядоўцы школы плануюць запрашаць на заняткі экспертаў, а таксама вядомых беларускіх блогераў — Мікіту Мелказёрава, Тутэйшага Шляхціча і іншых.
Навучанне будзе бясплатным. Заняткі плануюцца па суботах, з 10.00 да 12.00, цягам некалькіх месяцаў. Яны будуць праходзіць афлайн у Хабе «Новая зямля».
Першая сустрэча адбудзецца ўжо 26-га кастрычніка 2024 года — яшчэ ёсць магчымасць далучыцца.
