• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    30 гадоў на варце свабоды слова. Узгадваем галоўныя дасягненні БАЖ за тры дзесяцігоддзі

     

    У 1995 годзе, пасля прыходу да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і пачатку ціску на медыя, незалежныя медыйшчыкі і медыйшчыцы прынялі рашэнне стварыць Беларускую асацыяцыю журналістаў — арганізацыю, якая дапамагала б разам бараніцца ад спробаў улады заткнуць рот друку.

    Акцыя за свабоду слова. Фота: з архіва БАЖ

    За 30 гадоў кірункі і сферы працы БАЖ пашырыліся да дзясяткаў — гэта не толькі абарона калег і гуртаванне медыясупольнасці, але і высакаякасная адукацыя для медыйшчыкаў вельмі розных фарматаў, навіны пра медыя і глыбокая аналітыка, маніторынг парушэння правоў медыя, лабіяванне патрэб медыясектара на міжнародным узроўні, акцыі салідарнасці і многае іншае.

    У гэтым матэрыяле мы сабралі найбольш важныя дасягненні БАЖ за 30 гадоў. Зразумела, у сённяшніх рэаліях мы не можам адкрыта казаць не толькі пра некаторыя цяперашнія праекты, але і многія мінулыя.

    Тым не менш, паехалі: 30 гадоў на варце свабоды слова!

    1. Акцыі пратэсту і падтрымкі выданняў, якія зачыняла ўлада.

    У 1990‑х вулічнае жыццё ў Беларусі істотна адрознівалася ад цяперашняга. І калі на журналістаў наступалі, медыйшчыкі выходзілі на пікеты і мітынгі. Дастаткова згадаць знакаміты марш зняволеных журналістаў, шматлікія акцыі салідарнасці і падтрымкі.

    30 жніўня 1997 года ў Мінску адбыўся журналісцкі «Марш у турэмных робах». Нагодай для правядзення акцыі таксама стаў арышт здымачнай групы тэлеканала ОРТ. На акцыю прыйшло каля сотні журналістаў. На плошчы Бангалор адбыўся мітынг, у якім бралі ўдзел каля 2 000 чалавек.

    Ланцуг неабыякавых чытачоў «Народнай Волі»

    Ланцуг неабыякавых чытачоў «Народнай волі». Фота: з архіва БАЖ

    1. Абарона і акцыі ў падтрымку Шарамета, Завадскага і Аўчыннікава

    23 ліпеня 1997 года тады яшчэ свабодны ад прапаганды расійскі тэлеканал ОРТ паказаў сюжэт аб правозе кантрабанды праз беларуска-літоўскую мяжу. У гэты сюжэт увайшлі здымкі, зробленыя здымачнай групай Паўла Шарамета ў памежнай зоне. Праз тры дні Павел Шарамет, відэааператар Дзмітрый Завадскі і кіроўца Яраслаў Аўчыннікаў былі арыштаваныя. Іх абвінавацілі ў незаконным перасячэнні мяжы, а сам Лукашэнка заявіў пра тое, што Шарамет нібыта атрымаў узнагароду ад замежных спецслужбаў.

    Некалькі месяцаў журналісты прасядзелі ў СІЗА (падрабязна пра гэта Шарамет расказаў у кнізе «Случайный президент»), а ў студзені 1998-га суд прызнаў Шарамета і Завадскага вінаватымі па ўсіх высунутых абвінавачаннях і прыгаварыў да двух і паўтара года зняволення з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год.

    Увесь час, пакуль вялася справа Шарамета, Завадскага і Аўчыннікава, БАЖ арганізоўваў акцыі падтрымкі, накіроўваў шматлікія звароты ў дзяржаўныя органы, інфармаваў міжнародную супольнасць.

    Дзмітрый Завадскі і Павел Шарамет

    Дзмітрый Завадскі і Павел Шарамет. Фота: з архіва БАЖ

    1. Абарона перыядычнага друку

    Канец 1990‑х — пачатак 2000‑х у Беларусі адзначыўся шматлікімі судовымі працэсамі супраць журналістаў і медыя. Улады імкнуліся спаганяць з медыя вялікія штрафы і кампенсацыі, выносілі шматлікія папярэджанні. Напрыклад, у верасні 1999-га старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку Міхаіл Падгайны прызнаў несапраўднымі рэгістрацыйныя пасведчанні дзевяці цэнтральных недзяржаўных СМІ.

    Падставай стала нібыта адсутнасць узгадненняў аб размяшчэнні рэдакцый з мясцовымі ўладамі, як таго патрабаваў Закон аб друку. Адметна, што рэдакцыі ўсіх дзевяці выданняў размяшчаліся ў Мінску, а паводле «Памяткі аб рэгістрацыі СМІ», распрацаванай Дзяржкамдрукам, размешчаным у сталіцы выданням даведка аб узгадненні не патрабавалася.

    Дзякуючы намаганням БАЖ тады Падгайны вымушаны быў адмяніць рашэнне аб закрыцці выданняў.

    1. Міжнародны розгалас справы аб знікненні Завадскага

    7 ліпеня 2000 года быў выкрадзены аператар, сябра БАЖ Дзмітрый Завадскі. Гэта адзін з самых страшных дзён у гісторыі арганізацыі і беларускіх медыя. Забойствы Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна, Паўла Шарамета будуць наперадзе.

    Пасля знікнення Дзмітрыя Завадскага БАЖ арганізаваў вялікую інфармацыйную кампанію. Пра выкраданне Завадскага ведалі і казалі ва ўсіх міжнародных арганізацыях і структурах, адусюль гучала патрабаванне да беларускіх уладаў знайсці і пакараць вінаватых.

     

    На жаль, лёс Завадскага так і не быў высветлены дагэтуль.

    У 2002 годзе БАЖ разам з расійскім «Першым каналам» (тады гэта яшчэ не быў прапагандысцкі рэсурс уладаў) заснавала прэмію імя Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм», якая штогод уручалася журналістам.

    Яе лаўрэатамі сярод іншых былі Сяргей Гельбах, Уладзімір Андронаў, Уладзімір Косцін, Сяргей Грыц, Юлія Дарашкевіч, Андрэй Дынько, Ірына Халіп, Любоў Лунёва, Леанід Міндлін, Марына Коктыш, Алесь Ліпай, Анжэй Пісальнік, Сяргей Сацук, Алег Улевіч, Генадзь Барбарыч, Анатоль Гатоўчыц, Наталля Макушына, Генадзь Кеснер і іншыя.

     

    1. Справы Маркевіча, Мажэйкі, Івашкевіча. Кнігі, наведванні, падтрымка

    Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года беларускія ўлады прымянілі новую тактыку барацьбы супраць журналістаў — крымінальныя справы за паклёп альбо знявагу прэзідэнта. Тады на лавах падсудных апынуліся гарадзенцы з газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка (праз больш чым 20 гадоў Паўла зноў кінулі за краты, і мы вельмі радыя, што літаральна  днямі ён выйшаў на волю), а ў Мінску — рэдактар газеты «Рабочы» Віктар Івашкевіч.

    Развітанне з Віктарам Івашкевічам перад адпраўкай журналіста на «хімію»

    Развітанне з Віктарам Івашкевічам перад адпраўкай журналіста на «хімію». Фота: з архіва БАЖ.

    Журналістам прысудзілі «хімію». Івашкевіч, Мажэйка і Маркевіч былі першымі вядомымі «хімікамі» ў Беларусі. Увесь час іх зняволення БАЖ сістэмна ладзіў наведванні калег, перадаваў падтрымку, асвятляў іх побыт і нават збіраў і перадаваў кнігі ў бібліятэкі папраўчых установаў. 

    Наведванне Міколы Маркевіча на«хіміі».

    Наведванне Міколы Маркевіча на «хіміі». Фота: з архіва БАЖ.

    1. Міжнародны прарыў беларускай журналістыкі

    Ужо праз два гады пасля заснавання БАЖ стаў сябрам Міжнароднай федэрацыі журналістаў. 2003 год — «Залатое пяро свабоды» (Gold­en Pen of Free­dom prize) ад Сусветнай асацыяцыі газет, 2004 год — прэмія Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава. І далей многія прэміі і ўзганароды аж да прэміі ЮНЭСКА ў 2022 годзе.

    Андрэй Бастунец атрымлівае прэмію ЮНЭСКА, 2022 год.

    Сёння БАЖ — сябра МФЖ і ЕФЖ, IFEX, сеткі Рэпарцёраў без межаў, партнёр CPJ, CRD, FOJO, многіх міжнародных арганізацыі і міждзяржаўных структур. БАЖ мае цесныя сувязі з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і фондамі, арганізатар шырокай міжнароднай кампаніі салідарнасці са зняволенымі журналістамі «Марафон салідарнасці».

    Марафон салідарнасці БАЖ ЕФЖ Косава

    Акцыя салідарнасці на з’ездзе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, фота БАЖ

    Усё гэта дазволіла нам лабіяваць інтарэсы і патрэбы беларускіх журналістаў і медыя і ў 1990‑я, і ў крызісныя 2000‑я, і ў адносна спакойныя 2010‑я, і ў надзвычай важныя для нас 2020‑ы, 2022-гі, 2025-ты гады.

    Дзякуючы голасу БАЖ голас беларускіх медыя і беларускіх журналістаў гучыць сёння і ў Брусэлі, і ў Вашынгтоне, Таронта, Парыжы, Стакгольме, Страсбургу, Хельсінкі і многіх-многіх месцах. 

     

    1. Маніторынг парушэнняў правоў журналістаў

    З 1998 года БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб парушэнні правоў медыя і СМІ, пераслед за свабоду слова і выказванне меркавання. Маніторынг не спыняецца па сёння.

     

    Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў

    1. Кодэкс журналісцкай этыкі

    Першы ў Беларусі кодэкс журналісцкай этыкі быў прыняты Беларускай асацыяцыяй журналістаў у 2006 годзе. У адрозненне ад праўладнага саюза, Кодэкс этыкі заўсёды быў дзеючым механізмам самарэгулявання і захавання стандартаў якаснай журналістыкі.

    У 2025 годзе праз істотнае змяненне сітуацыі БАЖ і шэраг вядучых беларускіх медыя і медыяарганізацый заснавалі новую сістэму самарэгулявання і распрацавалі новы кодэкс — Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў.

     

    1. Конкурс «Вольнае слова»

    У 2007 годзе БАЖ заснаваў унікальны журналісцкі конкурс, які ў цяперашнія гады стаў практычна адзіным сапраўдным нацыянальным конкурсам беларускіх журналістаў і журналістак (прапагандысцкія конкурсы Мінінфарма мы, зразумела, конкурсамі назваць не можам). Ініцыятарам новага конкурсу быў медыяменеджар Андрэй Аляксандраў.

    Пераможцы «Вольнага слова» 2016, фота БАЖ

    Ён сказаў: чаму мы ацэньваем мужнасць і годнасць нашых калег, але не ацэньваем іх творчасць?  І вось ужо _ раз мы праводзім «Вольнае слова». На жаль, сам Андрэй сёння за кратамі.

    За амаль 20 гадоў змяняліся жанры, намінацыі, умовы, крытэры ацэнкі, пераможцы і сябры журы. Але конкурс працягвае адзначаць прафесіяналізм аўтараў і аўтарак беларускіх медыя, якія ў сённяшніх складаных абставінах робяць журналістыку найвышэйшага ўзроўню.

    Вольнае слова 2024 пераможцы

    Пераможцы конкурсу «Вольнае слова-24». 10 верасня 2024 года, Вільнюс. Фота: БАЖ

    У аўторак, 16 верасня, пераможцы конкурсу «Вольнае слова» будуць названыя ў чарговы раз.

     

    1. Праграмы дапамогі ў 2020‑м, 2021, 2022, 2023…

    Пачынаючы з траўня 2020 года офіс БАЖ перайшоў на ўзмоцнены рэжым працы, а жнівень 2020-га фігуральна пакінуў нас на працы на цэлы год.

    Ператрус у офісе БАЖ, люты 2021 года.

    Пошукі затрыманых і адвакаты, дакументаванне рэпрэсаваных і фізічна збітых, гадзіны ў чэргах на перадачу і дзяжурства ля РАУСаў і СІЗА, але, самае галоўнае, стварэнне праграм дапамогі рэпрэсаваным журналістам і медыя, псіхалагічныя і медычныя праграмы, дапамога з легалізацыяй у вымушанай эміграцыі, прэс-канферэнцыі, міжнародны розгалас і штотыднёвыя паведамленні пра калег за кратамі.

     

    БАЖ — гэта…

    Канешне, БАЖ гэта яшчэ і фестываль «БАЖынкі», кампаніі «За фрыланс», «За права на інфармацыю», «Рэйтынгі закрытасці», круглыя сталы і аналітычныя дакументы, спробы дыялогу і лабіяванне пытанняў. Школы журналістыкі і шматузроўневыя адукацыйныя праграмы для журналістаў і медыяспецыялістаў, лідарскія курсы для сябраў арганізацыі і рэалізаваныя актыўнасці рэгіянальнымі філіямі БАЖ, форумы і канферэнцыі, праграмы абмену і стажыроўкі, нават футбольныя турніры.

    photo_2024-09-14_11-54-14

    А яшчэ карпаратыўны часопіс «Абажур» і падручнікі для журналістаў-пачаткоўцаў, штогадовыя аналітычныя справаздачы пра сітуацыю ў СМІ.

    Гэта памяць пра Вераніку Чаркасаву і галерэя Аляксандра Тамковіча, матэрыялы Генадзя Кеснера і вясёлы запал Сашы Коктыша, жарты Андрэя Александровіча, кнігі Канстанціна Скуратовіча. І многіх-многіх іншых.

    З цеплынёю згадваем усіх іх сёння.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці