Хільмановіч: адказ напісаны з чыноўніцкім цынізмам
Сябра ГА “БАЖ”, публіцыст Уладзімір Хільмановіч атрымаў адпіску з гродзенскага аблвыканкама. Журналіст звяртаўся ва ўстанову з прапановай зрабіць пашпарт турыста і на беларускай мове.
Хільмановіч звяртаўся непасрэдна да начальніка ўпраўлення спорта і турызма Алега Андрэйчыка, але атрымаў адказ за подпісам яго намесніцы Таццяны Лідзяевай.
У адказе чыноўнікі аблвыканкама сцвярджаюць, што “управление спорта и туризма Гродненского облисполкома считает нецелесообразным издание паспорта туриста на белорусском языке”.
Адказ чыноўнікаў каментуе Уладзімір Хільмановіч:
“Для мяне адказ стаўся крыху нечаканым. Я думаў, што яны сваім адказам нешта забюракратызуюць і адкажуць кшталту “мы разгледзім магчымасці друкавання”. Атрымаў адказ іншага зместу. І тут у мяне толькі дзьве версіі — два бачання сітуацыі. Першая — альбо гэтыя людзі не далёкія. У сэнсе, што яны нават не зразумелі пра што быў зварот і адказваюць не па сутнасці. Яны мне тлумачаць, чаму яны выдаюць па-руску, па-англійску, па-польску. Але не пра гэта была размова і не пра гэта быў мой зварот. Альбо гэта быў асаблівы чыноўніцкі цынізм з якім яны ўмеюць адказваць.
Я лічу, што ў гэтых людзей няма разумення таго, што такое турызм і няма разумення галоўнага — што яны рэпрэзентуюць дзяржаву, яе культуру, яе мову. Бо турызм мае не толькі эканамічны складнік. Турызм мае таксама і складнік рэпрэзентацыі дзяржаўнай культуры, мовы беларускай, мовы карэннага насельніцтва і чыноўнікі не разумеюць гэтага.
Да таго ж чыноўніца напісала адказ па расейску, хаця абавязана даваць адказ на мове звароту.
Ужо 26 кастрычніка 2016 году ўвойдзе ў сілу Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў на тэрыторыі Гродна і Аўгустоўскага канала. Наведнікам гэтага рэгіёна будуць выдаваць адмысловыя пашпарты турыстаў, але яны будуць па-руску, па-англійску і па-польску.