• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «А хто гэта спявае?» Сёння — шэсць месяцаў з дня арышту Ірыны Леўшынай

    Журналістка і публіцыстка Ірына Халіп згадвае сваё знаёмства з рэдактаркай БелаПАНу Ірынай Леўшынай. З дня яе аршыту мінула ўжо шэсць месяцаў.

    — А хто гэта спявае? — спытала я на першым курсе, гледзячы на дзівосна прыгожую дзяўчынку з гітарай. Голас у яе быў высокі і звонкі. Вельмі складана на самай справе кіраваць такім голасам і не сарвацца на «піянерважацкую» звонкасць. Гэтая дзяўчынка спявала ўзрушаюча. І выглядала таксама ўзрушаюча: сваёй ломкасцю яна была падобная на іерогліф.

    — А гэта Ірка Капусціна, — адказалі мне.

    — Прыгожая нейкая… Ад хлопцаў, напэўна, адбою няма? — мы, першакурснікі, глядзелі на ўсіх, хто старэйшы, як на жыхароў неба, нават калі гэта былі другакурснікі.

    — Ты што, яна Лёву чакае, ён у Афгане служыць.

    Лёва — гэта Ігар Леўшын. Ён вучыўся на курс старэй Іркі Капусцінай і, па-мойму, адзіны на журфаку быў прызваны ў Афганістан. Тады студэнтаў пасля першага курса забралі на тэрміновую службу. На шчасце, Ігар вярнуўся цэлым. Яны пажаніліся, Капусціна стала Леўшынай, у іх нарадзілася выдатная дачка. Але аказалася, Ігар вярнуўся жывым з Афгана, каб загінуць у 35 з невялікім гадоў — аднойчы ноччу, калі вяртаўся з камандзіроўкі, на яго напалі. Ірка знайшла мужа раніцай, калі выйшла з сабакам. «Хуткая», зрэшты, паспела, Ігара прааперавалі, а потым — тромб. Ірка стала ўдавой.

    Ратавала праца. Практычна ўсё жыццё на адным месцы — у БелаПАНе. Прыйшла рэпарцёрам, стала галоўным рэдактарам, але не змянілася ні ў дачыненні да людзей, ні ў дачыненні да прафесіі.

    Летам мінулага года яна ведала, што можа сесці ў турму. Але не з’ехала і яшчэ паспела дапамагчы многім журналістам. Гэта ў яе, зрэшты, было заўсёды, не толькі перад арыштам. Здаецца, цяпер гэта называецца па-моднаму «хэлпінгам». Яна дапамагала ўсім і заўсёды. Памятаю, калі майго мужа цягалі па этапах тыднямі і месяцамі, і ніхто не ведаў, дзе ён і ці жывы наогул, Ірка тэлефанавала мне рэгулярна і распавядала, куды адправіла запыты, куды патэлефанавалі журналісты, якія адказы ім прыйшлі або гучалі, што далей яны збіраюцца рабіць, каб усё ж такі прабіць гэтую сцяну і атрымаць выразную інфармацыю. Хоць магла б і не тэлефанаваць — усё, што рабілі яе калегі, я бачыла ў стужцы навін. Зрэшты, што значыць «магла і не тэлефанаваць» — гэта не пра Леўшыну.

    За Ірай прыйшлі 18 жніўня мінулага года. Абвінавацілі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем. Сёння роўна шэсць месяцаў з дня яе арышту. Яна сядзіць нягучна, не робіць заяў і не раздае інтэрв’ю з‑за кратаў. А мы ўвесь час шукаем інфармацыйныя падставы і часта забываемся на тых, хто проста бязвінна і годна сядзіць.

    Ірка, мы ўсе цябе памятаем. Выходзь хутчэй.

    Ирина Левшина: Ненавижу расхожую фразу «выйти из зоны комфорта»

    Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і экс-дырэктара кампаніі Дзмітрыя Наважылава абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання».

    Спачатку Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымлівалі за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Потым іх абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Цяпер — «экстрэмізм».

    За «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» пагражае пазбаўленне волі да 7 гадоў.

    Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем

    Бывшему и нынешнему директорам БелаПАН предъявили обвинения

    18 жніўня сілавікі правялі ператрус у некалькіх журналістаў БелаПАН. Затрымалі галоўнага рэдактара Ірыну Леўшыну, бухгалтара Кацярыну Боеву і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава. Іх падазраюць ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных часткай першай артыкула 342 («Арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэкса Беларусі.

    Акрамя таго, у ходзе расследавання была праведзена падатковая праверка дзейнасці агенцтва і выяўлена парушэнне падатковага заканадаўства. БелаПАН абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў, урон — каля 30 тысяч еўра.

    На дадзены момант пад вартай у якасці падазраваных знаходзяцца дырэктар і галоўрэд Ірына Леўшына і былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў, а бухгалтара Кацярыну Боеву адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы.

    Вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу па ч. 2 арт 243 КК — ухіленне ад выплаты падаткаў. Акрамя таго, у абвінавачанні фігуруе раней затрыманы за фінансаванне пратэстаў і дзяржздраду журналіст Андрэй Аляксандраў, які раней аказваў кансультацыйныя паслугі БелаПАН.

    Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН было заснавана восенню 1991 года. Заснавальнікам агенцтва быў вядомы беларускі журналіст Алесь Ліпай. Заснавальнік БелаПАН пайшоў з жыцця ў жніўні 2018 года пасля цяжкай хваробы. На жаль, апошнія месяцы жыцця журналіста былі азмрочаныя ціскам на агенцтва і на яго самога з боку беларускіх уладаў. У чэрвені 2018 года супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа, яго спрабавалі абвінаваціць у нявыплаце падаткаў, а ў жніўні пачалася так званая «справа БелТА» — калі беларускія СМІ (Тут бай, БелаПАН і іншыя) абвінавацілі ў «крадзяжы» пароляў ад падпіскі дзяржагенцтва БелТА .

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці