Ігар Карней схуднеў на 15 кілаграмаў і мае праблемы з сэрцам
Палітзняволены журналіст Ігар Карней адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, а з снежня 2024 году ён у магілёўскім СІЗА.

Ігар Карней у судзе. 19 сакавіка 2024 года. Скрыншот відэа СТВ
Паводле дасьведчанай крыніцы «Радыё Свабода», з магілёўскага СІЗА палітвязьня прывозілі на некалькі дзён у СІЗА КДБ у Менску, адкуль вярнулі ў Магілёў.
«Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара і там паслухалі сэрца, пацьвердзілі, што ня вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янкі. Яшчэ напісаў, што пасьля шклоўскай калёніі палягчэў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.
Зняволены журналіст Ігар Карней абскарджвае прысуд за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Ліст чатыром дочкам
Паводле крыніцы, на ўмовы ў камэры ён ня скардзіцца, шмат чытае і размаўляе з сукамэрнікамі. З палітвязьнем Ігарам Карнеем няма тэлефоннай сувязі, але лісты ад яго даходзяць. Адзін з апошніх адрасаваны дочкам, якіх у Ігара чатыры.
«Дарагія дачушкі! Самае вялікае маё жаданьне вельмі простае: каб вас у самастойным жыцьці любілі, цанілі і паважалі — гэтак жа, як мы з мамай. Спадзяюся, што так і будзе, бо вы заслужылі толькі ўзьнёслага стаўленьня — прыгожыя, таленавітыя, спагадлівыя. Я, у сваю чаргу, за сваю „камандзіроўку“ па розных установах шматразова пераканаўся, што такой дружнай вялікай сям’ёй няма каму і пахваліцца. Так што ўжо на гэтым этапе ня будзе перабольшваньнем адрапартаваць пра посьпех нашай агульнай місіі, хоць для вас, безумоўна, усё самае цікавае і насычанае яшчэ наперадзе. Удачы і асалоды на ўсім шляху», — пажадаў Ігар сваім дочкам Паліне, Ганьне, Аляксандры і Еве.
Дочкі і жонка Ігара Карнея Іна зьехалі за межы Беларусі.
