Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»
Ігар Кулей звольнены з пасады кіраўніка рэдакцыі навін тэлеканала «Белсат», паведамляе Reform.news са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Ігар Кулей. Скрыншот: Reform.news
Паводле інфармацыі Reform.news, ёсць дзве версіі звальнення — афіцыйная і неафіцыйная.
Афіцыйна журналіст сыходзіць з адной з ключавых пазіцый на «Белсаце» ў сувязі з рэарганізацыяй канала і стварэннем беларускай рэдакцыі ў рамках TVP World.
Але ёсць і іншая версія. Паводле яе, у калектыве нібыта ўзнік канфлікт пасля сыходу з пасады выканаўцы абавязкаў кіраўніка «Белсата» Аляксея Дзікавіцкага і прызначэння на пасаду галоўнай рэдактаркі Аліны Коўшык. Яго праявай стала жорсткае інтэрв’ю з Алінай Коўшык, якое ўзяў Сяргей Падсасонны. Канфлікт з гэтай нагоды быццам бы прывёў да таго, што адзін з вядучых журналістаў пакідае сваю пасаду.
Ігар Кулей пацвердзіў Reform.news звальненне, але адмовіўся каментаваць сітуацыю.
Гэты тэкст Кулей, паводле інфармацыі ад яго калег, апублікаваў у рэдакцыйным чаце:
«Шаноўныя калегі, у пятніцу, 29 лістапада, я быў звольнены з пасады кіраўніка беларускамоўнай тэлерэдакцыі. Пішу пра гэта толькі сёння, бо цягам выходных чакаў на дакладнае падцверджанне гэтага рашэння. Як мне было патлумачана — прычынай звальнення з’яўляюцца два эпізоды ў навінавых праграмах маёй ужо былой рэдакцыі, ацэненыя кіраўніцтвам, як парушаючыя стандарты журналістыкі. Першы — гэта інтэрв’ю Сяргея Падсасоннага з Алінай Коўшык у праграме Тыдзень, другі — прывітальная частка праграмы Аб’ектыў, прысвечаная інфармацыі пра датэрміновы зыход Аляксея Дзікавіцкага з пасады в.а. дырэктара Белсат, паказаная ў аўторак 19 лістапада. Я хачу падзякаваць кожнаму, з кім давялося працаваць у якасці кіраўніка рэдакцыі цягам больш як чатырох гадоў на гэтай пасадзе.»
