Адміністратару пабліка «Подслушано Глубокое» Ігару Шкетаву прысудзілі два гады «хіміі»
Адміністратара пабліка «Подслушано Глубокое» Ігара Шкетава судзіў у Глыбокім 7 лютага сумнавядомы сваімі палітычнымі выракамі суддзя Андрэй Тарасевіч. Мужчыну вінавацілі паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).

Ігар Шкетаў. Фота: Facebook
Паколькі мужчына знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА да суда 5 месяцаў, а знаходжанне там павялічвае ўдвая адбыты тэрмін, то атрымліваецца, што з яго тэрміну абмежавання волі будзе вылічана 10 месяцаў.
Паблік «Подслушано Глубокое» даволі папулярны сярод жыхароў Глыбокага. На яго больш за ўсё падпісана людзей у сацыяльнай сетцы ў “Вконтакте”. Платформа пазіцыянуе сябе як супольнасць для зносін з магчымасцю падзяліцца інфармацыяй, якая па-за палітыкай і рэлігіяй.
Нагадаем, Ігара Шкетава 5 жніўня 2024 ужо судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля, у сярэдзіне верасня 2024 года, яго затрымліваў Віцебскі ГУБАЗік падчас так званай «зачысткі экстрэмістаў» у горадзе, сілавікі знялі з ім «пакаяльнае» відэа.
