• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 26.01–08.02.2015 г.

    Штраф журналістам нібыта за “ўдзел у акцыі”, якую яны асвятлялі; некалькі адмоваў у інфармацыі; агучаная колькасць інфармацыйных матэрыялаў, правераных на экстрэмізм; адказ з двух дзяржаўных ведамстваў наконт блакавання шэрагу сайтаў у снежні ды іншыя навіны.

    28 студзеня стала вядома, што Светлагорскі райсуд (суддзя Ірына Алісейка) аштрафаваў гомельскіх сябраў ГА “БАЖ” – тэлежурналістку Ларысу Шчыракову і аператара Кастуся Жукоўскага – на 900 тысяч рублёў кожнага за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Справы разглядаліся 23 студзеня без удзелу абвінавачаных, а пастановы суда ім даслалі па пошце.

    Нагодай для адміністрацыйных спраў супраць Шчыраковай і Жукоўскага, стала іх прысутнасць на плошчы перад Светлагорскім райвыканкамам 25 лістапада, калі жыхар горада Юрый Ляшэнка пратэставаў супраць парушэння правоў інвалідаў пры капітальным рамонце дома, у якім ён жыве. Журналісты асвятлялі гэтую падзею.

    Судовая пастанова дасланая не поўнасцю: у ёй дзве першыя старонкі, а старонка №2 адсутнічае. Аштрафаваныя журналісты не выключаюць, што гэта зроблена наўмысна: пакуль яны будуць патрабаваць поўны тэкст пастановы, скончыцца тэрмін яе абскарджвання.

    29 студзеня ГА «БАЖ» атрымала адказы ўпраўлення “К” Міністэрства ўнутраных спраў і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ на зварот наконт блакавання шэрагу інтэрнэт-сайтаў.

    Першы намеснік начальніка ААЦ Уладзімір Рабаволаў паведаміў, што “ААЦ захадаў па абмежаванні доступу да ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася».

    Упраўленне “К”, у сваю чаргу, інфармуе, што правяло праверку па звароце. “Паводле інфармацыі РУП “Белтэлекам”, якіх-кольвек абмежаванняў на даступнасць указаных рэсурсаў у сетцы перадачы дадзеных РУП “Белтэлекам” не ўстаноўлена”, – піша намеснік начальніка ўпраўлення Н. Лысенка. “У сувязі з тым, што ў дадзеных падзеях адсутнічае грамадская небяспека, а таксама склад адміністратыўнага правапарушэння альбо крымінальнага злачынства, праверка па Вашым звароце спынена”, – паведаміла ўпраўленне “К” МУС.

    Нагадаем, што 22 снежня ГА “БАЖ” накіравала ў Генпракуратуру РБ, Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і ААЦ пры Прэзідэнце афіцыйныя лісты. Арганізацыя заклікала гэтыя ведамствы правесці праверку незаконнага блакавання шэрагу сайтаў напрыканцы снежня (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.) высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.

    30 студзеня Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні скаргі выдаўца Ігара Логвінава на рашэнне Міністэрства інфармацыі аб адмове прыватнаму выдавецкаму унітарнаму прадпрыемству “Логвінаў” у выдачы ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі. Мінінфарм матываваў адмову недакладным указаннем паштовага індэкса ў дакументах, пададзеных ПВУП “Логвінаў”. Адвакат Логвінава Сяргей Зікрацкі у ходзе слуханняў даводзіў, што ўказанне індэкса ў падобных дакументах не патрабуецца заканадаўствам.

    Нагадаем, што менавіта адсутнасць у Логвінава рэгістрацыі ў якасці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі ў 2014 г. паслужыла падставай для зыску падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна Мінска пасля пазапланавай праверкі ў кніжнай краме “Логвінаў”. Эканамічны суд Мінска падтрымаў пазіцыю падаткавікоў і пастанавіў спагнаць з ПВУП “Логвінаў” штраф у памеры 5,4 млн рублёў, а таксама канфіскаваць усю выручку за 2014 год — 961 млн рублёў.

    Нагадаем, у верасні 2013 г. выдавецтва Логвінава было пазбаўлена права займацца выдавецкай дзейнасцю на падставе Ашмянскага райсуда, які палічыў выпуск фотаальбома “прэс-фота Беларусі 2011” экстрэмісцкім.

    30 студзеня намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч паведаміў, што ў 2015 г. адбудзецца другая спроба запуску адзінага інтэрнэт-партала дзяржаўных СМІ Беларусі. Па словах чыноўніка Мінінфарма, рэсурс выступіць адзіным агрэгатарам для дзяржаўных СМІ ў інтэрнэт-прасторы. Зараз партал запушчаны ў тэставым рэжыме.

    Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Аляксандр Класкоўскі разглядае стварэнне адзінага парталу дзяржаўных СМІ як спробу ўладаў пашырыць свой уплыў у байнэце.

    2 лютага Вярхоўны суд паведаміў, што разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі ў падтрымку часопіса Char­lie Heb­do каля французскай амбасады ў Мінску не адбудзецца. Паводле прэс-рэліза ВС, матэрыялы гэтых спраў накіраваныя ў Цэнтральнае РУУС на дапрацоўку. Першапачаткова слуханні былі прызначаныя на 4 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

    Нагадаем, 11 студзеня 4 чалавекі, у тым ліку старшыня АГП Анатоль Лябедзька, былы рэдактар сатырычнай газеты “Навінкі” Павел Канавальчык, намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Зміцер Кучук, прыйшлі да амбасады Францыі з плакатамі Je suis Char­lie («Я Шарлі»), каб выказаць салідарнасць з забітымі ў Парыжы журналістамі. Пасля міліцыянты склалі на іх пратаколы па арт. 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства) і накіравалі справы ў суд.

    29 студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі карэспандэнтка BBC Таццяна Мельнічук звярнула ўвагу ўладаў на недарэчнасць такога пераследу грамадзян. У адказ прэзідэнт пагадзіўся з журналісткай і перанакіраваў пытанне сваім падначаленым.

    3 лютага начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіна Чарнова адмовілася даць запатрабаваную інфармацыю карэспандэнтцы «Бобруйского курьера» Марыне Маўчанавай. Журналістка, рыхтуючы артыкул, патэлефанавала чыноўніцы, каб даведацца пра лёс музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша (Бабруйскі раён). У адказ атрымала адмову. На заўвагу журналісткі пра тое, што чыноўнікі не маюць права не прадастаўляць інфармацыю СМІ, Г. Чарнова адказала: “Так, я ведаю пра гэта, але канкрэтна вашаму выданню я нічога даваць не буду. Не хачу размаўляць з вашым СМІ”.

    5 лютага брэсцкім журналістам, сябрам ГА “БАЖ” Алесю Ляўчуку і Мілане Харытонавай не дазволілі праводзіць здымкі на тэрыторыі гісторыка-культурнага аб’екта, якому пагражае знішчэнне — калоніі Варбургаў. Гэта адметная архітэктурная забудова пачатку мінулага стагоддзя.

    Па словах Ляўчука, на агароджаную тэрыторыю ахоўнік іх не пусціў, спаслаўшыся на неабходнасць адпаведнага дазволу ад фірмы-уладальніка зямельнага участка, а таксама на адсутнасць у іх будаўнічых касак. Пры гэтым сам ахоўнік быў без каскі.

    Пасля да агароджы падбег невядомы мужчына, які паводзіў сябе вельмі агрэсіўна: абражаў журналістаў і пагражаў ударыць у твар. У выніку журналісты працягвалі здымкі ўжо за агароджанай пляцоўкай.

    5 лютага міністар інфармацыі Лілія Ананіч на калегіі ведамства паведаміла, што рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармпрадукцыі на экстрэмізм разгледжана больш за 100 матэрыялаў. І ў 25‑і з іх “былі прыкметы, якія падпадаюць пад пазіцыі “экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці” ці “літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах”. “У дзяржавы ёсць рычаг уздзеяння, каб сачыць за друкаванымі плынямі”, – адзначыла Лілія Ананіч.

    Нагадаем, што Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму была створана пастановай Савета Міністраў №810 (ад 21.08.2014) і пачала працаваць 27 верасня 2014 г.

    5 лютага палітвязню, журналісту «Бобруйского курьера» Яўгену Васьковічу дазволілі першае доўгатэрміновае спатканне за чатыры гады яго знаходжання ў зняволенні. Васьковіча, які зараз адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі №15, наведала яго маці. Паводле яе слоў, Яўген працуе ў швачным цэху, у вольны час чытае кнігі і прэсу. Васьковіч кажа, што спадзяецца выйсці на свабоду раней за прызначаны тэрмін. Калі на працягу перыяду з кастрычніка 2014 г. да верасня 2015 г. яму не залічаць парушэнняў агульнага рэжыму, ён атрымае шанец на скарачэнне тэрміну пакарання.

    Нагадаем, Яўген Васьковіч ў маі 2011 г. быў асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі за сімвалічную акцыю пратэсту, праведзеную ля сцен Бабруйскага КДБ. Шкода ад яго дзеянняў (папсаваная ў адным месцы фасадная тынкоўка) склала 253 тыс. беларускіх рублёў. Але да яго ўжылі артыкул аб нанясенні шкоды ў асабліва буйным памеры.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці