«Інфаспецназаўка» спыніла на ТБ сацыяльную рэкламу супраць гвалту над дзецьмі, бо ролік фінансаваў USAID
«Інфаспецназаўка» Вольга Бондарава папрасіла Белтэлекам прыбраць рэкламу USAID і напісала ў арганізацыю калектыўны зварот, паведамляе Hrodna.life.
У Белтэлекам ёй паведамілі, што сацыяльная рэклама аб супрацьдзеянні гвалту над дзецьмі транслявалася на тэлеканале «ЯСНАе TV» з 2019 года «выключна з мэтай папярэджання і прадухілення выпадкаў гвалту над дзецьмі».
«Улічваючы калектыўны зварот і той факт, што некаторыя міжнародныя сацыяльныя праекты, згаданыя ў рэкламным роліку, закрытыя, трансляцыя гэтай сацыяльнай рэкламы ў эфіры тэлеканала „ЯСНАе TV“ спыненая», — напісалі ў адказ на зварот.
USAID — Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці — у Беларусі фінансавала шмат сацыяльных праектаў у сферы адукацыі, аховы здароўя, барацьбе з хатнім гвалтам.
Восенню мінулага года ўлады Беларусі закрылі аддзяленне USAID і аддзел па сувязях з грамадскасцю пасольства ЗША.
