«Майка замяняла мне ручнік, а зубы чысціла пальцам з мылам». Былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава пра ўмовы ў беларускіх СІЗА і калоніях
Ірына Слаўнікава, былая палітзняволеная журналістка, вывезеная з Беларусі 11 верасня, у праграме «Раніца з «Белсатам» падзялілася, як уладкаваны побыт на Акрэсціна і ў калоніях, пра ўзаемадапамогу і правілы, якія дапамагалі выжыць без самых неабходных чалавеку рэчаў.

Ірына Слаўнікава ў эфіры «Белсату». Вільня, Літва. 11 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Ірына Слаўнікава кажа, што ў ізалятары на Акрэсціна аказалася дванаццатаю жанчынай у камеры «для палітычных», разлічанай на двух чалавек. У выніку спала на падлозе пад сталом і, як амаль усе ў гэтай камеры, не мела ніякіх рэчаў першай неабходнасці: ні ручніка, ні зубной шчоткі з пастаю, ні зменнай бялізны.
«[Там ты меў толькі тое] у чым ты туды ўвайшоў, што на табе было. Першы час мая майка замяняла мне ручнік. Пасля таго як нехта вызваляўся, ён пакідаў нейкую анучку. Першая мая анучка была памерам з сурвэтку… І дзён праз 20 (бо я доўга там сядзела) я «дарасла» да ручнічка. І калі я ўжо трапіла ў калонію, дзе можна было нешта перадаваць, мяне маці ўвесь час пыталася: «Можа, табе лепш новы ручнік, больш вялікі?» Я казала: «Не-не, я буду з ім да канца». І я вынесла яго з калоніі – усе чатыры гады ён быў са мною», – паказвае Ірына маленькі блакітны ручнік.
Зубной пасты ў камеры таксама не было, а шчоткай і майткамі карысталася шмат людзей.
«Мне далі зубную шчотку, сказалі, хочаш – карыстайся, хочаш – не. Але зубы неяк трэба чысціць. Таму я яе з мылам вымыла неяк і чысціла мылам. А потым прывозяць жанчыну з брэкетамі, і вядома, што ёй гэтая шчотка больш патрэбная. І мне сказалі: «Можаце ёй удзвюх зубы чысціць». Я проста перадала ёй гэтую шчотку і пальцам з мылам чысціла зубы.
Тое самае з бялізнаю. Ты стаіш перад выбарам: ці начуеш на падлозе без нічога, ці бярэш тое, што нехта пакідае. Бо нехта заходзіў у двух майтках туды. Так я карысталася чужымі майткамі, на жаль», – згадвае журналістка.
У Першамайскім РАУСе Слаўнікавай вельмі дапамагла жанчына, якую асудзілі за прастытуцыю:
«Яна трапіла ў камеру не да палітычных, але ўжо ішоў гэты вал, і ўсе апавядалі, як сядзяць палітычныя: без матрацаў, бялізны і гэтак далей. І яна, калі паслухала гэтыя жахі, перапытала ў мяне ў калідоры, ці сапраўды гэта так. Я кажу, так. Нам з мужам на той момант ужо далі па 15 содняў. І яна пачала нам са сваёй торбы выбіраць сурвэткі, цукар, вадкасць для мыцця рук. А потым зняла з сябе швэдар і проста перадала яго мне. Я вельмі ўдзячная ёй. Потым я пакінула гэты швэдар на Акрэсціна тым, хто апынуўся ў такой жа сітуацыі».
Умовы ў калоніі ў Ірыны былі больш прыстойнымі праз тое, што яна трапіла ў добры атрад: вялікія памяшканні, адрамантаваныя прыбіральні з дзвярыма (якія былі не паўсюль у прыбіральнях калоніі) увесь час гарачая вада і магчымасць атрымліваць перадачы ды купіць нешта ў краме пры калоніі.
«З чысцінёй і гігіенай у калоніі такіх праблемаў не было. Штотыдзень пралася бялізна, якую мы здавалі ў адмысловую ўстанову», – кажа Ірына.
Грошы ад «BYSOL» жанчына пакуль не атрымала, бо не запоўніла ўсіх неабходных дакументаў.
«Ведаеце, праз 4 гады сустрэцца з камп’ютарам сам-насам… Часам бывае складана. Папераў шмат, а ёсць яшчэ іншыя справы, хочацца пабыць з роднымі… Таму я яшчэ не займалася гэтым», – кажа Ірына.
Вячаслаў Лазараў: Палітвязняў пазбавілі пашпартоў, а мне нават даведку не далі
Нагадаем, журналістка Ірына Слаўнікава, якая працяглы час працавала на «Белсаце» і затым перайшла на Польскае тэлебачанне TVP, была ў ліку вызваленых 11 верасня 2025 года палітзняволеных. Да сканчэння тэрміну ёй заставалася 8 месяцаў.
Ірыну затрымалі ў канцы кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце пасля вяртання ў Менск з адпачынку ў Егіпце разам з мужам Аляксандрам.
Спачатку сужэнства вінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», асудзілі на 15 дзён арышту, потым яшчэ на 15. Затым Аляксандра асудзілі на яшчэ 15 дзён, па сканчэнні якіх вызвалілі, ён пакінуў Беларусь. У эміграцыі стаўся сузаснавальнікам Асацыяцыі родных і былых палітзняволеных.
Супраць Ірыны ж распачалі крымінальную справу. Праз 9 месяцаў суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прызначыў Ірыне 5 гадоў зняволення, прызнаўшы яе вінаватай у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Суд над журналісткаю праходзіў у закрытым рэжыме, Ірына не прызнала віны.
