Італьянская журналістка Чэчылія Сала вяртаецца дадому з іранскага палону
Яе вызваленне стала магчымым дзякуючы «напружанай працы па дыпламатычных і разведвальных каналах» урада Італіі.

Чэчылія Сала. Фота: GIO_LE/Shutterstock.com
Пра вяртанне суайчынніцы паведаміла прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні. Яна ж першай расказала радасную навіну бацькам вызваленай журналісткі.
È in volo l’aereo che riporta a casa Cecilia Sala da Teheran.
Grazie a un intenso lavoro sui canali diplomatici e di intelligence, la nostra connazionale è stata rilasciata dalle autorità iraniane e sta rientrando in Italia. Ho informato personalmente i genitori della giornalista…— Giorgia Meloni (@GiorgiaMeloni) January 8, 2025
Джавані Каравеллі, дырэктар Агенцтва знешняй інфармацыі і бяспекі, асабіста выправіўся ў Тэгеран і суправаджае журналістку ў самалёце, які вяртаецца ў Італію.
«Я вельмі шчаслівая, нават не магу патлумачыць, як я сябе адчуваю. Урад прарабіў выдатную работу, каб вызваліць яе», — цытуе Vanity Fair маці Чэчыліі Сала.
Чэчылія Сала вылецела з Рыма ў Тэгеран 12 снежня, маючы на руках журналісцкую візу і афіцыйныя гарантыі для замежных карэспандэнтаў. За час свайго знаходжання ў Іране яна зрабіла некалькі інтэрв’ю і выпусціла тры часткі падкаста.
Італьянка планавала вярнуцца дахаты 20 снежня, аднак днём раней яна перастала выходзіць на сувязь. Як аказалася пазней, журналістку кінулі ў турму для дысідэнтаў «Эвін».
Менш за тыдзень таму бацькі Чэчыліі Сала папрасілі прэсу захоўваць рэжым цішыні. «Сітуацыя з нашай дачкой Чэчыліяй Сала, закрытай у турме ў Тэгеране на 16 дзён, вельмі складаная і трывожная», — напісалі яны.
Наступнымі днямі Джорджа Мелані падчас паездкі ў ЗША сустрэлася з Дональдам Трампам і абмеркавала сітуацыю з узяццем у закладніцы журналісткі Il Foglio и Chora Media.
Іран абвінавачваецца ў тым, што ён практыкуе «дыпламатыю закладнікаў»: затрымлівае замежных грамадзян, каб з іх дапамагой дабівацца ўласных мэтаў. Цяпер Тэгеран спрабуе вызваліць Махамеда Абедзіні, затрыманага ў аэрапорце Мілана за мяркуемы ўдзел у атацы дронаў па Іарданіі начапатку гэтага года, у выніку якога загінулі амерыканскія вайскоўцы.
