Беспрэцэдэнтнае выкарыстаньне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства з 2020 году дазваляе зрабіць палітычны перасьлед канвэерным, мяркуюць праваабаронцы арганізацыі Human Constanta. Паводле іх сьвежага дакладу, для гэтага беларускія ўлады выкарыстоўваюць цэлую «экасыстэму» — спэцыялізаваныя законы для барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам; злачынствы і правапарушэньні ў кодэксах; шматлікія экстрэмісцкія сьпісы; папраўкі, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства за «экстрэмісцкія злачынствы» або караць сьмерцю за «акт тэрарызму» і «здраду дзяржаве».
«Экстрэмізм» у лічбах
Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, з 2020 году зафіксавана 22,5 тысячы злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасьці».
Толькі ў 2024‑м было вынесена 1762 прысуды ў крымінальных справах (па падліках праваабаронцаў Dissidentby). 1019 — паводле «народнага» 342-га артыкулу КК, за «арганізацыю або ўдзел у масавых беспарадках»; 245 — за зьнявагу Лукашэнкі (арт. 368); 186 — за «распальваньне варожасьці» (арт.130); 79 — за заклік да санкцый (арт. 361); 45 — за «здраду дзяржаве» (арт.356).
Паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (КаАП), падлічыла «Вясна», былі асуджаныя як мінімум 5890 чалавек. Па артыкуле 19.11 (распаўсюд, захаваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі каля 5500 чалавек.
За 2024 год «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі ажно 2424 прадукты, у тым ліку 479 Telegram-рэсурсаў. Летась пералік папоўніўся 87 новымі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У сьпіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў ці асобаў без грамадзянства ў 2024 годзе дададзена 1188 чалавек (усяго ў сьпісе 4826 асобаў).
Пералік арганізацый і фізычных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, папоўніўся 127 беларусамі — з палітычных матываў.
У сьпісе абмежаванага доступу знаходзіцца амаль 14 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў, зь якіх больш за 5 тысяч прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ці «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Сьпіс друкаваных выданьняў, распаўсюд якіх можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, складаецца з 35 найменьняў.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, архіўнае фота
10 новых тэндэнцый
1. Крыміналізацыя салідарнасці і падтрымкі палітвязняў
Упершыню артыкул 361–4 Крымінальнага кодэксу пачаў выкарыстоўвацца за салідарнасьць і дапамогу. 23–24 студзеня 2024 году КДБ Беларусі правёў па ўсёй краіне рэйд, падчас якога спэцслужбы затрымалі больш за 300 чалавек. Прычынай стаў інтарэс КДБ да дапамогі сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY — людзі заказвалі харчовыя кошыкі з дастаўкай у сетках гіпэрмаркетаў «Эўраопт», «Гіпа», а таксама рабілі грашовыя пераводы. Сама меней 39 чалавек асудзілі ў такіх крымінальных справах на тэрміны ад 3 да 5 гадоў калёніі за тое, што яны дапамагалі. Напрыклад, за 32 пераводы па 4–5 рублёў на агульную суму ў 188 рублёў (57 даляраў) берасьцейскую бібліятэкарку Ірыну Пагадаеву асудзілі на 3 гады калёніі.
«У турмы пасадзілі ў асноўным жанчын пажылога веку, пэнсіянэрак, якія маюць праблемы са здароўем, а таксама некалькі шматдзетных маці, якія шчыра дапамагалі людзям, што трапілі ў яшчэ больш складаную сытуацыю», — кажа адзін са стваральнікаў справаздачы Human Constanta Яўген (поўнае імя не называецца дзеля бясьпекі. — РС).
2. «Замежная бязвыплатная дапамога»
Упершыню ў 2024‑м быў выкарыстаны артыкул 24.15 КаАП аб атрыманьні «замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», мінімум 150 чалавек былі асуджаныя паводле гэтага артыкулу ў 2024 годзе пасьля рэйду КДБ па сваяках палітзьняволеных, якія атрымалі харчовыя пасылкі ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама проста ад чужых неабыякавых людзей.
Пра гэта Свабодзе расказвала і былая палітзьняволеная блогерка Вольга Такарчук, якую супрацоўнікі КДБ прымусілі пакаяцца за палку каўбасы, атрыманую ад удзячнай падпісчыцы.
3. Каментары, рэпосты, анлайн-актыўнасць
Паколькі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя практычна ўсе незалежныя СМІ і апазыцыйныя рэсурсы, у Беларусі правапарушэньнем можа лічыцца распаўсюд амаль любой інфармацыі, няўгоднай уладам. Пры гэтым бальшыня людзей прыцягваецца да адказнасьці за матэрыялы, якія былі перапошчаныя яшчэ да моманту прызнаньня рэсурсу экстрэмісцкім, гавораць праваабаронцы.
Да прыкладу, ксяндза Анджэя Юхневіча летась асудзілі мінімум 4 разы запар, на 60 дзён арышту — асобна за кожную «забароненую» падпіску ці рэпост. Камэнтары з крытыкай рэжыму ці ўдзелу Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны трактаваліся як «распальваньне варожасьці»: 8 красавіка Берасьцейскі абласны суд вынес вырак у 5 гадоў калёніі Аляксею Герману за паведамленьні, «накіраваныя на абвастрэньне напружанасьці ў грамадзтве і дэстабілізацыю сытуацыі ў Беларусі».
Трэцяга верасьня Менскі абласны суд прызначыў гісторыку Ігару Мельнікаву 4 гады калёніі за інтэрвію «Эўрарадыё», якое было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем» толькі праз 5 месяцаў пасьля публікацыі інтэрвію.
4. Спецвядзенне
Такая працэдура ў 2024 годзе пачала выкарыстоўвацца ня толькі ў дачыненьні вядомых палітыкаў і грамадзкіх лідэраў, але і да непублічных асобаў. 22 лютага Сьледчы камітэт пачаў спэцвядзеньне ў дачыненьні 9 удзельнікаў акцый пратэсту ў Менску, якіх раней не затрымлівалі і не прыцягвалі да адказнасьці. Таксама ў некаторых справах фігуруюць сотні актывістаў дыяспараў за мяжой. 20 сакавіка 2024 году пачалі спэцвядзеньне ў дачыненьні сотні чалавек («Народныя амбасады», «Беларусы замежжа»), а 16 траўня — супраць 104 асобаў, якія сьвяткавалі Дзень Волі за мяжой.
Зафіксаваныя і канвэерныя завочныя выракі ў дачыненьні адразу 20 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў, палітолягаў (якіх назвалі «аналітыкамі Ціханоўскай»). Іх асудзілі на тэрміны ад 10 да 12 гадоў і вялізныя штрафы.
5. Данаты і «кампенсацыя стратаў»
Паводле справаздачы Human Constanta, КДБ працягвае праводзіць «прафіляктычныя гутаркі» зь людзьмі, якія пераводзілі грошы ў фонды салідарнасьці. Іх прымушаюць падпісаць «яўку з павіннай», зрабіць перавод у 10-разовым памеры і абяцаюць не заводзіць крымінальнай справы. Аднак фіксуецца ўсё больш выпадкаў, калі людзей паўторна прымушаюць «добраахвотна кампэнсаваць» свае ахвяраваньні.
17 ліпеня ў Берасьці 38-гадовай ілюстратарцы Натальлі Левай прысудзілі 6 гадоў калёніі і штраф у 40 тысяч рублёў, нягледзячы на тое, што ў яе была папера ад КДБ, што яна ўжо кампэнсавала ў буйным памеры данаты пасьля «прафіляктычнай гутаркі». IT-спэцыяліста Аляксандра Зіязедзінава ў лістападзе 2022 году асудзілі на 3 гады за данаты. Ён прызнаў сваю віну, «кампэнсаваў шкоду» на суму абмену 31 біткойна (прыкладна 775 тысяч даляраў, гэта больш за данат у 155 разоў), напісаў на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. У 2024 годзе яго зноў судзілі за данаты і пакаралі 9 гадамі пазбаўленьня волі.
6. «Супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі»
11 красавіка 2024-га Горадзенскі абласны суд прыгаварыў беларуса Вадзіма Пацэнку да 21 году, а расейца Аляксея Кулікова да 23 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дывэрсій.
4 кастрычніка ў Менску вынесены прысуд у справе «тэракту ў Мачулішчах» у дачыненьні атакі на вайсковы самалёт. Людзей асудзілі на вялікія тэрміны, ажно да 25 гадоў.
23 кастрычніка Гомельскі абласны суд асудзіў грамадзян Украіны Сяргея і Паўла Кабарчукоў на 20 гадоў турмы па абвінавачаньні ў перавозцы выбухоўкі.
Дзяржаўныя беларускія тэлеканалы рэгулярна выпускалі прапагандысцкія фільмы пра раскрыцьцё ячэек Службы бясьпекі і Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, якія нібыта зьбіралі інфармацыю пра стратэгічную інфраструктуру.
7. Генацыд і яго адмаўленне
У 2024 годзе ўпершыню вынесьлі два выракі ў дачыненьні нябожчыкаў, якіх абвінавацілі ў ваенных злачынствах падчас Другой усясьветнай вайны. Вярхоўны суд прызнаў Уладзімера Катрука, які памёр 2015 годзе ў Канадзе, і Канстанціна Смоўскага, які памёр у 1960 годзе ў ЗША, вінаватымі ў карных апэрацыях і масавых забойствах мірных жыхароў. Дзеяньні абодвух былі кваліфікаваныя як генацыд паводле артыкула 126 КК, пры гэтым прысуды і Катруку, і Смоўскаму вынесеныя без прызначэньня пакараньня.
Увосень 2024 году ўпершыню быў агучаны вырак за «адмаўленьне генацыду беларускага народу»: паводле гэтага артыкулу абвінавацілі 54-гадовага менчука Андрэя Савіцкага. Ён атрымаў 3 гады калёніі за допіс у «Аднаклясьніках», дзе выказаў сумнеў, што вайскоўцы 118-га батальёну ахоўнай паліцыі і батальён Дырлевангера зьнішчалі жыхароў Хатыні.
8. Першая прапаганда тэрарызму
У 2024‑м таксама ўпершыню за ўсю гісторыю маніторынгу праваабаронцаў выставілі афіцыйныя абвінавачваньні ў «прапагандзе тэрарызму» (арт. 289–1 КК).
Пятага сьнежня Сьледчы камітэт пачаў крымінальнае (завочнае) вядзеньне ў дачыненьні кіраўніка ініцыятывы BySol Андрэя Стрыжака, удзельнікаў каманды BySol Аляксандра Кузьмянкова, Яраслава Ліхачэўскага і Аляксандра Падгорнага, кіраўніка і заснавальніка фонду ByHelp Аляксея Лявончыка, кіраўніка Беларускага моладзевага хабу Аляксандра Лапко, актывісткі і блогеркі Аляксандры Жук. Ім выставілі абвінавачаньні адразу паводле 17 «экстрэмісцкіх артыкулаў», у тым ліку і ў «прапагандзе тэрарызму» (арт. 289–1 КК).
9. Адзінаццаць гадоў турмы святару
Упершыню ў Беларусі з часоў СССР быў зафіксаваны выпадак, калі каталіцкага сьвятара асудзілі паводле палітычнага артыкулу.
Перад самым Новым годам, 30 сьнежня, Менскі абласны суд асудзіў ксяндза Генрыха Акалатовіча з Валожынскага раёну на 11 гадоў пазбаўленьня волі за «здраду дзяржаве» (арт. 256 КК). Да таго ж яго абвінавацілі ў перадачы невядомым асобам «сакрэтнай інфармацыі», а шкода ацэньваецца ў суму каля 1 мільёна эўра.
10. «Экстрэмісты» з ЛГБТК+
28 сакавіка 2024 году было прынята рашэньне аб прызнаньні экстрэмісцкімі сацыяльных сетак супольнасьці «TG HOUSE», місіяй якога пазначана ўмацаваньне правоў і дабрабыту трансгендэрнай супольнасьці Беларусі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанентамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з‑за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».