Як медыям камунікаваць пра свае фінансавыя праблемы? Разважае Барыс Гарэцкі
Спыненне падтрымкі ад ЗША паставіла ў складанае становішча многія медыя па ўсім свеце. Не абышла праблема і беларускія выданні, якія і без таго пазбаўленыя магчымасці сур’ёзна зарабляць з дапамогай рэкламы. У БАЖ прыходзяць калегі з запытам, як лепш камунікаваць пра гэтую сітуацыю са сваёй аўдыторыяй. Намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі дзеліцца развагамі на гэты конт.

Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ
Устойлівасць рэдакцый пад пагрозай. Аднак камунікаваць любыя складанасці свайго медыя — задача з зорачкай. Ты нібыта адкрываеш перад людзьмі капот уласнай машыны і паказваеш, як там усё уладкавана. І не толькі перад чытачамі, але і перад хэйтарамі і прапагандай.
Гэта важная і тонкая задача, але шчырасць і празрыстасць — ключ да таго, каб заваяваць падтрымку аўдыторыі.
У гэтай гісторыі ёсць і пазітыўныя бакі. Найперш тое, што сама рэдакцыя не вінаватая ў сітуацыі. Яна па-ранейшаму робіць якасны і важны кантэнт, а праблемы ўзніклі з‑за зменаў менавіта знешняга асяроддзя. Вось некалькі стратэгій, як можна пісьменна і паспяхова паразмаўляць з аўдыторыяй.
Прамы і шчыры зварот
- Фармат: адкрыты ліст ад галоўнага рэдактара або каманды.
- Тон: шчыры, але без панікі — патлумачыць, што адбылося, чаму гэта важна і што трэба для выхаду з крызісу. Можна эксперыментаваць і не баяцца крыху жартаваць.
Прыклад: «Мы заўсёды імкнуліся заставацца незалежнымі, але цяпер перад намі стаіць складаная задача…»
Кампанія падтрымкі
- Запуск краўдфандынгу: праз Patreon, Boosty ці ўласную платформу падпіскі.
- Фармулёўка: патлумачыць, што чытачы — гэта частка супольнасці, і іх падтрымка дапамагае захоўваць незалежную журналістыку.
Важна: прапанаваць празрыстыя ўзроўні падпіскі — ад сімвалічных сум да буйных унёскаў з бонусамі (напрыклад, згадка донараў, мерч).
Пазітыўны прыклад — колішняя інфармацыйная кампанія выдання Reform.news. Пакуль многія медыя спрабавалі залатаць дзіры сваімі высілкамі і не казаць пра складанасці, калегі з Reform пад пагрозай закрыцця першымі адкрыта папрасілі чытачоў падтрымаць іх. Кампанія спрацавала, грошы былі сабраныя.
Ключавымі фактарамі, на мой погляд, былі: запуск першымі і шчырасць камунікацыі.
Кантэнт пра закуліссе медыя (калі гэта прымальна)
- Ідэя: публікаваць серыю матэрыялаў пра тое, як ствараецца кантэнт, якія выдаткі мае рэдакцыя, чаму незалежная журналістыка патрабуе падтрымкі.
- Мэта: уцягнуць аўдыторыю, каб яны адчувалі, што падтрымліваюць не абстрактнае «выданне», а людзей, якія робяць важную справу.
Канешне, прам усю «унутранку» публічыць не раю. Разумныя правілы бяспекі яшчэ ніхто не адмяняў.
Больш нефармальныя зварот можна зрабіць праз сацыяльныя сеткі.
- Фармат: відэазвароты ад рэдакцыі, інтэрактыўныя сесіі з падпісчыкамі (Q&A, стрымы).
- Тон: сяброўскі, з акцэнтам на сілу супольнасці.
З тымі жа задачамі добра справіцца E‑mail-рассылка.
- Калі ў выдання ёсць рассылка, можна даслаць ліст падпісчыкам з заклікам падтрымаць выданне, дапоўнены рэальнымі гісторыямі і прыкладамі матэрыялаў, якія ўдалося зрабіць дзякуючы аўдыторыі.
Ці існуе панацэя?
Зразумела, пералічаныя прапановы — не панацэя. Але дадатковую тысячу, а то і дзясятак тысяч любімай рэдакцыі могуць прынесці.
Галоўнае — захаваць павагу да сваёй аўдыторыі, не драматызаваць, а паказаць, што яны — частка гэтага праекта. Тут узгадваецца мерч для данатараў ад Беларускага расследвальніцкага цэнтру з надпісам «Ганаровы падзельнік».
Дарэчы, падтрымаць БАЖ можна тут 🙂
