• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На медыяхвалях рэпрэсій: як пераследуюць журналістыку ў Беларусі

    8 верасня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Сёння за кратамі знаходзяцца як мінімум 33 прадстаўнікі СМІ. За гэты час шмат хто з прадстаўнікоў СМІ ужо цалкам адбыў пакаранне за сваю прафесійную дзейнасць: усяго крымінальны пераслед зазналі не менш 83 супрацоўнікаў медыя.

    Пачынаючы з 2020 года, большасць недзяржаўных СМІ у Беларусі пазбавілі рэгістрацый, журналістаў увесь час затрымліваюць і асуджаюць на вялікія тэрміны за прафесію. Незалежныя медыя ўнутры Беларусі практычна спынілі сваё існаванне, а рэдакцыі цяпер працуюць з‑за мяжы. Большасць сайтаў і старонак у сацыяльных сетках прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі ці матэрыяламі, журналістаў аб’яўляюць “экстрэмістамі” і “тэрарыстамі”. 

    Аднак рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў СМІ у Беларусі пачаліся далёка не ў 2020 годзе. Калі пералічваць бясконцыя крымінальныя справы, адміністрацыйны пераслед, затрыманні журналістаў, пагрозы, абмежаванне свабодаў журналістаў, пачынаючы з 90‑х гадоў, гэта б заняла не адну старонку. Гэта ўсё паўтараецца ў Беларусі штогод і штомесяц. Таму сёння ў салідарнасць з журналістамі «Вясна» ўзгадвае гучныя выпадкі пераследу журналістаў і медыя, якія здарыліся за часы незалежнай Беларусі.

    90‑я: пачатак прэсінгу

    Пасля выбараў у 1994 годзе пераслед журналістаў у Беларусі развіваўся паступова, улады вучыліся кантраляваць СМІ. У студзені 1995 году прымаецца закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, і гэта дазволіла пачаць прэсінгаваць незалежныя СМІ. Напрыклад, адміністрацыя Лукашэнкі абавязала друкарні заключаць дамовы з недзяржаўнымі выданнямі толькі з яе дазволу — у выніку шэраг газет не змаглі друкавацца. Пазней улады таксама забаранілі іх распаўсюд праз падпіску і сетку “Белсаюздрука”. 

    Спасылаючыся на той самы закон, улады сталі пачалі часта выносіць незалежным СМІ папярэджанні. Іх спрабавалі абвінавачваць іх у распальванні сацыяльнай нецярпімасці, выдаванні дзяржаўных таямніцаў і нават закліках за захопу ўлады і звяржэння канстытуцыйнага ладу — тыя ж тэмы будуць актуальнымі і праз 30 гадоў. Тады былі фактычна зачыненыя дзве недзяржаўныя радыёстанцыі: гродзенскае Радыё НБК і мінскае Радыё 101,2. 

    рэпрэсіі супраць журналістаў у беларусі

    Фота: «Жоўтая кніга»

    Падчас масавых акцый пратэсту супраць Лукашэнкі ў 1996–97 журналістаў, якія былі на гэтых мерапрыемствах, пачалі збіваць, затрымліваць і кідаць на “суткі”. Напрыклад, плёнкі, якія яны здымалі на “Чарнобыльскім шляху” 1996 году, былі засвечаныя ці вынятыя невядомымі асобамі. У 1996 годзе беларусы нават правялі “Марш закрытых ртов”, каб звярнуць увагу на рэпрэсіі супраць недзяржаўных СМІ і аднабаковую агітацыю за правядзенне рэферэндума ў дзяржаўных медыя.  

    рэпрэсіі супраць медыя ў беларусі

    Беларускія журналісты на адным з «Маршаў завязаных ртоў», кастрычнік 1997 года. Фота: Reuters

    Тады ж пачаўся і пераслед журналістаў, якія прадстаўляюць замежныя СМІ. У сакавіку 1997-га за “неаб’ектыўнае асвятленне грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі” пазбаўлены акрэдытацыі і скандальна выгнаны з краіны журналіст расійскай тэлекампаніі НТВ Аляксандр Ступнікаў, які даўно жыў і працаваў у Беларусі. 

    Фактычна гэтыя “фарматы” рэпрэсій у далейшым улады выкарысталі як падмурак — шмат у чым яны выкарыстоўваюцца і цяпер. Больш пра ціск у перыяд 1995–1997 гадоў можна даведацца ў “Жоўтай кнізе”.

    Гвалтоўныя знікненні і нераследаваныя смерці

    Старшыня БАЖ Алег Бастунец узгадваў, што калі на пачатку ХХІ стагоддзя БАЖ праводзіла фестываль беларускай незалежнай прэсы, на якім прысутнічала больш за 60 выданняў і медый. Але ўжо праз 3–4 гады журналісты “адзначалі” Дзень закрытых газет: на той час Мінфінфарм прыпыніў дзейнасць амаль 20 выданняў, частка з якіх так і не аднавілася.

    У гэтыя часы працягваецца ціск на “замежных” карэспандэнтаў (а па факту беларусаў, якія працуюць на незалежныя замежныя медыя). Тады ў пачатку ліпеня 1997 году пазбавілі акрэдытацыі карэспандэнта ОРТ Паўла Шарамета, якога неўзабаве затрымалі на мяжы разам са здымачнай групай за здымкі з участка беларуска-літоўскай мяжы, што не ахоўваўся. Іх выпусцілі, затым зноў арыштавалі, правялі ператрусы і зноў змясцілі ў СІЗА — разам з Шараметам там апынуўся аператар Дзмітрый Завадскі. Гэта прывяло да маштабнага дыпламатычнага скандалу. 

    Павел Шарамет і Дзмітрый Завадскі

    І ўжо праз некалькі гадоў — 7 ліпеня 2000 года — Дзмітрый Завадскі знік. Таямніца гэтага знікнення дагэтуль не раскрытая, а цела аператара, пазней прызнанага памерлым, не знойдзенае. За гэтым пацягнуліся смерці журналістаў, якія дагэтуль лічацца загадкавымі.

    У 2004 годзе была жорстка забітая ў сваёй кватэры журналістка Вераніка Чаркасава (яе артыкулы можна прачытаць у адкрытым доступе). У 2005 годзе знойдзены мёртвым Васіль Гроднікаў, які супрацоўнічаў з “Народнай Воляй” і выкрываў карупцыю. У 2010 годзе знайшлі павешаным рэдактара апазіцыйнага сайту “Хартыя’97” Алега Бябеніна. На журналіста нападалі яшчэ ў 1997: тады яго выкралі, вывезлі за горад, прапанавалі не крытыкаваць уладу і падумаць пра сваю сям’ю. Блізкія журналіста, якія былі на месцы ягонай смерці, заяўлялі пра сляды гвалту на ягоным целе. У 2016 годзе ў Кіеве выбухам бомбы быў забіты Павел Шарамет

    Як пераследуюць журналістаў і медыі ў Беларусі

    Пікет у падтрымку Паўла Шарамета, 1997 г.

    У 2012 годзе БАЖ патрабаваў аднавіць расследаванне крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай, а таксама дадатковага празрыстага расследвання абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава. Следчы камітэт напісаў, што гэта па-за яго кампетэнцыяй, бо рашэнні па іх справах прымаліся да 1 студзеня 2012 г.

    Мітынг беларускіх журналістаў у абарону свабоды слова. 30 жніўня 1997 года. Алег Бябенін — злева. Фота: Reuters

    Такім чынам, грамадскасць дагэтуль не атрымала дакладных адказаў пра абставіны іх смерцяў. Да паўнавартаснага раследавання смерці Алега Бябеніна закалікаў Еўрапарламент. Падрабязна пра смерці журналістаў можна прачытаць у “Абажуры” за 2014 год.

    Барацьба з “экстрэмізмам” пачалася

    У пачатку 2007 году набывае моц закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Яшчэ тады эксперты заўважалі, што ён утрымлівае вельмі расплывістыя фармулёўкі тэрмінаў — цяпер мы ўсведамляем, наколькі. Ужо праз чатыры гады — у студзені 2011 года — Мінінфарм пазбаўляе FM-радыёстанцыю “Аўтарадыё” права на вяшчанне за распаўсюд інфармацыі, якая, на думку міністэрства, змяшчала “публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”. Такімі заклікамі Мінінфарм палічыў фразу “лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы”, якая прагучала ў рэкламным роліку кандыдата на прэзідэнта краіны Андрэя Саннікава

    Яшчэ праз амаль два гады пад канвеер “экстрэмізму” трапляе часопіс “Arche. Пачатак”. Правяралі падаткі, блакавалі рахункі рэдакцыі, выпускалі сюжэты на дзяржтэлебачанні — усё гэта пасля 2020 года стане масавымі практыкамі. А тады ж галоўнага рэдактара часопіса Валерыя Булгакава абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай літаратуры — ён быў вымушаны пакінуць Беларусь.

    У 2012 годзе на беларуска-літоўскай мяжы супрацоўнікі беларускай мытні забралі ў незалежных фотажурналістаў 41 асобнік фотаальбома “Прэс-фота Беларусі” за 2011 год — яго пасля прызналі “экстрэмісцкім”. 

    Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года апаненты ўлады сталі пераследавацца яшчэ больш сур’ёзна. І зноў незалежным медыя адмаўлялі ў рэгістрацыі ці перарэгістрацыі, ліквідавалі іх дзейнасць, ціснулі на друкарні, дзе публікаваліся выданні, журналістам забаранялі выязджаць з краіны. Журналістаў-фрылансераў масава судзілі за працу нібыта без акрэдытацыі. У 2016 годзе штрафаў было дзесяць, у 2017 — ужо 69, а за чатыры з паловай месяцы 2018 года іх налічвалася ўжо 48 (46 з іх былі прызначаныя журналістам “Белсата”). 

    Крымінальны пераслед журналістаў

    У практыцы сталі прымяняцца суды над журналістамі паводле дыфамацыйных артыкулаў. У 2011 годзе за паклёп на Лукашэнку да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады быў асуджаны гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут (цяпер палітвязень). Праз год яго хацелі судзіць паводле гэтага ж артыкулу яшчэ раз, але спынілі справу. У 2012 годзе за публікацыю на сайце nash-dom.info распачалі крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Мікалая Петрушэнкі. Матэрыял нібыта ўтрымліваў публічныя знявагі на адрас намесніка старшыні Аршанскага гарвыканкама. Пасля лінгвістычнай экспертызы справа была закрыта. 

    Як пераследуюць журналістаў і медыі ў Беларусі

    Акцыя ў падтрымку Андрэя Пачобута перад будынкам суда ў Гродне, чэрвень 2011 г. (фота Сяргея Балая)

    У 2012 годзе адбылася рэзанансная гісторыя пра “плюшавы дэсант”. 20-гадовага студэнта-журналіста Антона Сурапіна затрымалі за фотаздымкі плюшавых мядзведзікаў з заклікамі аб свабодзе слова ў Беларусі, якія шведы скінулі на зямлю з самалёта. Справа супраць яго была закрытая толькі праз год. 

    Фота: Stu­dio Total

    Сапраўды рэзананснай стала “справа БелТА”. Нагодай пераследу стала нібыта “несанцыянаванае выкарыстанне” журналістамі TUT.BY пароляў да падпісной стужкі сайта дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА. Пры гэтым матэрыялы сайта БелТА знаходзіліся ў адкрытым бясплатным доступе і размяшчаліся тымі СМІ, што патрапілі пад пераслед, з улікам правілаў, якія былі ўсталяваныя БелТА, а паролі да падпісной стужкі не мяняліся гадамі. 

    Улетку 2018 году, калі была ўзбуджаная справа, у рэдакцыях інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, партала TUT.BY, рэдакцыях некаторых іншых СМІ, а таксама ў кватэрах шэрагу іх супрацоўнікаў адбыліся вобшукі. Падчас іх была забраная прафесійная тэхніка і носьбіты інфармацыі. Каля 20 журналістаў былі затрыманыя і дапытаныя следчымі, 8 журналістаў — адпраўленыя ў ізалятар часовага ўтрымання на тэрмін да трох сутак. Супраць 15 журналістаў тады ўзбудзілі крымінальныя справы.

    Дзеянні следчых выклікалі пратэсты з боку праваабаронцаў, журналісцкіх арганізацыяў і міжнародных структураў (у тым ліку Рады Еўропы, Еўрасаюза, АБСЕ). Напрыканцы 2018 года крымінальныя справы ў дачыненні да 14 журналістаў былі спыненыя: іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам іх да выплаты кампенсацыяў БелТА і газеце Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі “СБ. Беларусь сегодня”.

    Адзінай абвінавачанай, прыцягнутай па “справе БелТА” да крымінальнай адказнасці, стала галоўная рэдактарка інтэрнэт-партала TUT.BY Марына Золатава (цяпер — палітзняволеная). Яе прызналі вінаватай у бяздзеянні службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі) і прысудзіў яе да штрафу ў памеры 7650 беларускіх рублёў (каля 3800 даляраў ЗША па курсе Нацбанка Беларусі). Акрамя таго, суд спагнаў з яе на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6000 беларускіх рублёў (каля 3000 даляраў). 

    Як пераследуюць журналістаў і медыі ў Беларусі

    Марына Золатава. Фота: «Радыё Свабода»

    Аднак гэта не адзіная крымінальная справа супраць журналістаў у тыя часы — некаторыя з іх засталіся ў цені больш гучнага кейса “справы Белта”. У 2019 годзе за нібыта “абразы” затрымлівалі блогера Паўла Спірына і Сяргея Пятрухіна (былы палітзняволены), за нібыта “ілжывае мінаванне” — блогер Андрэй Павук, вобшукі праводзілі ў “Белсата”.

    Незалежны беларускі журналіст Кастусь Жукоўскі падвяргаўся нападу чатырох невядомых асобаў — яго таксама неаднаразова затрымлівалі, у выніку ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. У Брэсце міліцыя затрымлівала журналістаў, якія асвятлялі пратэсты праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Невядомыя напалі на здымачную групу Радыё Свабода, якая здымала шэсце ўдзельнікаў “мітынгу свабодных людзей” да Цэнтральнай выбарчай камісіі, арганізаванае грамадзянскай кампаніяй “Еўрапейская Беларусь”. У выніку была пашкоджаная відэакамера. 

    2020 — працяг ціску

    Такім чынам, да 2020 году медыя падыйшлі, ўжо загартаваныя шматгадовымі рэпрэсіямі. Аднак гэты год стаў пачаткам яшчэ большага ціску, у выніку якога незалежная журналістыка фактычна выціснутая з Беларусі за межы краіны. Пасля жніўня 2020 года супрацоўнікі медыя зазналі масавыя затрыманні, збіццё, канфіскацыі тэхнікі, пазбаўленне акрэдытацый, крымінальны пераслед. 

    У траўні 2021 году адбылася пасадка рэйса Ryanair, пасля якой затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча: пасля гэтага ціск на медыя яшчэ ўзмацніліся. Праз некалькі дзён адбыліся маштабныя ператрусы ў офісе tut.by, сайт заблакавалі, а пасля — надалі яму статус “экстрэмістаў”. Супраць кіраўніцтва і супрацоўнікаў былі заведзеныя крымінальныя справы, некаторыя з іх усё яшчэ ўтрымліваюцца за кратамі.

    У ліпені таго ж года СМІ і медыяарганізацыі таксама трапілі пад пераслед: па ўсёй краіне адбываліся ператрусы, затрыманні, дзясяткі чалавек былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. У 2021 годзе ўладамі ліквідаваны БАЖ, а ў медыйнае і “антыэкстрэмісцкае” заканадаўства ўнеслі змены, якія дазваляюць блакаваць без суда, абмяжоўваць працу журналістаў і караць за “экстрэмізм”.

    Даклад БАЖ і JFJ: у 2023–2024 гадах адбылося 759 атак на беларускіх журналістаў

    СМІ і дагэтуль прызнаюць “экстрэмісцкімі фармаваннямі” і “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. За перадачу інфармацыі журналістам людзей арыштоўваюць і асуджаюць да вялікіх тэрмінаў. Судзяць і саміх журналістаў, якія яшчэ застаюцца ў краіне. Цяпер медыя ўсё яшчэ знаходзяцца на адной з самых буйных хваляў рэпрэсій за ўсю гісторыю незалежнай журналістыкі.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці