• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як рыхтуюць прапагандыстаў: у Гродне стварылі першы інфармацыйны студатрад

    Студэнтам гродзенскіх ВНУ, якія атрымліваюць любую спецыяльнасць, улады прапанавалі паспрабаваць сябе ў новай журналістыцы. Эксперыментальная група з’явілася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, паведамляе тэлеканал «Гродно Плюс». 

    Студэнты распытваюць бабулю. Скрыншот відэа

    Праўладныя медыя паведамляюць, што студэнцкі сэрвісны атрад «МедиаВектор» накіравалі збіраць успаміны ветэранаў вайны. Якой менавіта вайны ў рэпартажы не паведамляецца. 

    Менавіта Гарадзеншчына адгукнулася на наш заклік ў пачатку гэтага года на калегіі Міністэрства інфармацыі паспрабаваць гэты накірунак, бо ёсць запыт моладзевай аўдыторыі, — кажа першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.

    Куратарам «новага інфармацыйнага кірунку» стаў дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродно Плюс» Сяргей Мазайла. 

    У сакавіку плануецца стварыць другі інфармацыйны студатрад. А па выніках працы першага атрада рыхтуюць дакументальны фільм з успамінамі ветэранаў. Праўда, нават куратар не ведае, колькі серыяў удасца выдаць на гара.

    Улады ліхаманкава шукаюць прапагандыстаў

    Нядаўна мы пісалі, што Міністэрства адукацыі зацвердзіла факультатыў «Уводзіны ў прафесію журналіста» для 8–9 класаў. Праграма разлічаная на 69 гадзін: 35 гадзін на год у 8 класе, 34 гадзіны – у 9 класе. Факультатыў уведзены ў сярэдніх школах з беларускай і рускай мовамі навучання.

    Літаральна з верасня ў Гомельскім універсітэце вярнуліся да выкладання журналістыкі.

    Цяпер у Беларусі журналістаў рыхтуюць тры ВНУ: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і ГДУ імя Францыска Скарыны ў Гомелі.

    Сёлета ў БДУ конкурс на спецыяльнасць «Журналістыка» склаў 1,07 чалавека на месца (79 заявак на 74 месцы + 6 «мэтавікаў» па-за конкурсам), на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс яшчэ ніжэйшы — 1,05 чалавекі на месца (44 заяўкі на 42 месцы).

    Платнае аддзяленне на факультэце журналістыкі ліквідавана, бо платнікаў немагчыма прымусіць працаваць у дзяржаўных СМІ.

    Нядаўна БАЖ задаваўся пытаннем, ці ўвогуле варта ісці на журфак БДУ (галоўнага ВНУ Беларусі) з перспектывай стаць прапагандыстам і якія альтэрнатывы існуюць увогуле.

    Ірына Сідорская, якая працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю журфака БДУ да 2021 года, мяркуе, што новаўвядзенні беларускіх уладаў прадыктаваныя нежаданнем выпускнікоў «паступаць на журфак, а таксама існуе кадравы голад у рэдакцыях».

    Прапагандысцкая ліхаманка пакуль не дабралася да дзіцячых садкоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці