На пінскім тэлебачанні распавядаюць, як вяскоўцы ахвяруюць у выбарчы фонд Лукашэнкі
Пакуль дзяржаўныя раённыя газеты Брэсцкай вобласці сінхронна передрукавалі вынікі «сацыялагічнага даследавання» аналітычнага цэнтра EcooM наконт масавага жадання беларусаў браць удзел у выбарах, тэлерадыёкампанія «Пінск» зрабіла эксклюзіўны відэасюжэт з аграгарадка Парахонск.

Скрыншот відэа тэлерадыёкампаніі «Пінск»
У ім апавядаецца, што мясцовыя жыхары з нецярплівасцю чакалі, калі з‘явіцца магчымасць ахвяраваць свае грошы ў выбарчы фонд кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. З рэпартажу вынікае, што ахвяраванні вяскоўцы збіраюцца рабіць толькі на рахунак, што адчынены ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
«Падчас ранейшых выбарчых кампаній журналісты дзяржаўных рэгіянальных СМІ звычайна абыходілі гэтую тэму і паведамлялі хіба што пра збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Магчыма, зараз да прапагандыстаў з’явіліся новыя патрабаванні ў асвятленні электаральнай кампаніі, каб засведчыць «усенародны» масштаб выбарчага працэсу ў краіне», — адзначаюць праваабаронцы.
Дарэчы, магчымасць каментаваць падобныя відэасюжэты на YouTube-канале ТРК «Пінск» адключаная.
