• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нам цікава ўсё». Як журналісту «Еўрарадыё» прапанавалі сачыць за дэмсіламі

    Журналісту «Еўрарадыё» Тарасу Тарналіцкаму 27 кастрычніка прапанавалі нібы супрацоўнічаць з СБУ, распавядаючы інфармацыю аб беларускіх дэмсілах, іх планах на будучыню і стаўленне да Украіны.

    Як журналісту Еўрарадыё прапанавалі сачыць за дэмсіламі

    Хітрыкі ці то прапагандыстаў, ці то спецслужбаў / Euro­ra­dio via Chat GPT

    Акаўнт пад назвай “Наталия” (юзернейм @nata_gork), зарэгістраваны на украінскую сім-карту, вёў перапіску на украінскай мове.

    Суразмоўніца заявіла, што “прадстаўляе ўкраінскі бок”.

    “Доброго дня. Мене звати Наталія… Я представляю українську сторону. Я хотіла б запропонувати вам взаємовигідну дружбу”, — напісала Наталля.

    На просьбу журналіста растлумачыць, пра што ідзе гаворка, суразмоўніца адказала, што займаецца “атрыманнем інфармацыі па беларускім напрамку” і яе цікавяць “падзеі ў беларускім руху, а таксама стаўленне да Украіны”. Паводле яе, “украінскі бок гатовы дзяліцца інфармацыяй і правяраць людзей”.

    Тарналіцкі адзначае, што спачатку палічыў гэта памылкай. “Вы, пэўна, памыліліся. Так, я з Беларусі, але з восені 2022 года жыву ў Польшчы,” — адказаў ён.

    Аднак суразмоўніца настойвала: “Мене цікавить інформація від ваших демократичних сил — плани на майбутнє та ставлення до України. Не є таємницею, що Україна розглядає можливість встановлення контактів із вашими представниками.”

    Пасля гэтага журналіст запытаў, ці прадстаўляе Наталля СБУ. У адказ Наталля каротка пацвердзіла: “Так”.

    Як журналісту Еўрарадыё прапанавалі сачыць за дэмсіламі

    Скрыншоты перапіскі з «Наталляй з СБУ» / Euro­ra­dio

    Далей яна дадала: “Нам цікаво все. Ми готові співпрацювати на взаємовигідних умовах. Ми можемо запропонувати безпеку, гроші та ще багато чого. У нас із вами один ворог, тому вважаю, що нам потрібно дружити.”

    Тарналіцкі з сумневам паставіўся да сапраўднасці суразмоўніцы і напісаў, што “пісаць украінскай мовай і з украінскай сім-карты не так складана”. На гэта Наталля прапанавала “верыфікацыю па пасведчанні”:

    “Підійде верифікація за посвідченням?” — спытала яна. “Так, дашліце,” — адказаў журналіст. 

    На гэтым перапіска прыпынілася.

    “Атрыманаю інфармацыяй чалавека будуць шантажаваць”

    Еўрарадыё звярнулася да арганізацыі BELPOL с пытаннем, ці была гэтая перапіска спробай вярбоўкі, правакацыяй з мэтай дыскрэдытацыі ці звычайным жартам.

    Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар са скепсісам паставіўся да таго, што дадзеная перапіска была хутчэй камунікацыяй з боку СБУ.

    “На падставе прадстаўленага ліставання можна зрабіць выснову, што гаворка, верагодней за ўсё, не ідзе пра ўстанаўленне кантакту з прадстаўніком Службы бяспекі Украіны.

    Характар зносін і выкарыстаныя метады паказваюць хутчэй на спробу імітацыі такога кантакту з боку беларускіх спецслужбаў, якія дзейнічаюць пад прыкрыццём украінскага боку”, — лічыць белполавец.

    Жыгар не выключае, што падобныя дзеянні з’яўляюцца элементам правакацыі, накіраванай на стварэнне прапагандысцкага кантэнту або для дыскрэдытацыі асобных асоб.

    “Перадумова пра тое, што супрацоўнікі СБУ маглі б выходзіць на сувязь у падобнай форме, выглядае малаімавернай, аднак, на жаль, у беларускім грамадстве ў эміграцыі захоўваецца пэўная частка людзей, схільных успрымаць падобныя сітуацыі як рэальныя. І яны ахвотна пачынаюць размаўляць з «супрацоўнікамі СБУ»”, — кажа суразмоўца.

    Варта памятаць, што ўстанаўленне кантакту ў падобных умовах стварае для людзей значныя рызыкі. 

    “Да моманту ўсведамлення сапраўднага боку зносін чалавек фактычна сваімі дзеяннямі фарміруе супраць сябе кампраметуючыя матэрыялы, тым самым апынаючыся ў патэнцыйнай залежнасці ад беларускіх спецслужбаў. Такім чынам адбываецца вербаванне чалавека, бо калі ён адмовіцца ад далейшага ўзаемадзеяння, раней атрыманаю інфармацыяй чалавека будуць шантажаваць”, — папярэджвае Жыгар.

    Суразмоўца раіць пры атрыманні паведамленняў такога роду рабіць скрыншоты ліставання, далей выдаляць і блакаваць уліковы запіс, які напісаў. Па магчымасці паведамляць пра такія спробы ўстанаўлення кантакту альбо праз СМІ, альбо праз свае сацыяльныя сеткі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці