• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Вапа: Мы данеслі нашы погляды на падтрымку беларускіх незалежных СМІ

    4 верасня ў Еўрапарламенце прайшла сустрэча з прадстаўнікамі беларускіх медыяў. Арганізатарам сустрэчы была дэлегацыя па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Еўрапарламента на чале з польскай дэпутаткай ад партыі «Права і Справядлівасць» Малгажатай Гасеўскай.

    сустрэча з прадстаўнікамі беларускіх медыяў у Еўрапарламенце

    У гэтай сустрэчы браў удзел і старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа. З ім паразмаўляў Андрэй Сцепанюк.

    Якія ўражанні пасля гэтай сустрэчы?

    Яўген Вапа: Сустрэча трывала інтэнсіўна тры гадзіны. Была прысвечана менавіта незалежным беларускім СМІ. І ў дыскусійнай частцы ўдзельнічалі: галоўная рэдактарка сайта «Хартыя 97» Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка тэлебачання «Белсат» Аліна Коўшык, я прадстаўляў Беларускае Радыё Рацыя, і прадстаўніком Радыё Свабода быў Ігар Карней, былы палітвязень-журналіст. Так што тут у адным месцы ў ролі дакладчыкаў выступілі вядомыя, шматгадовыя медыя, якія дзейнічаюць на агульным медыяльным рынку і маюць сваю пазіцыю.

    Сустрэча была з удзелам выступоўцаў ад Еўрапейскай камісіі і экспертаў па беларускіх медыях, якія прэзентавалі погляд Беларускай асацыяцыі журналістаў і фондаў. І самае важнае, што сустрэча была з удзелам рэальных еўрадэпутатаў.

    Гэта ёсць самым важным. Бо ў Еўрапарламенце вялікая праблемы, каб такая дэлегацыя, як па справах дэмакратычнай Беларусі, змагла прабіцца сярод еўрапарламентарыстаў, якія змагаюцца за свае інтарэсы – дзяржаўныя, лакальныя, і таму яны занятыя шматлікімі сваімі клопатамі.

    З майго пункту гледжання, вельмі добра, што спадарыня Гасеўская ўзначальвае гэтую дэлегацыю па справах дэмакратычнай Беларусі, бо яна, па-першае, гадамі цікавілася беларускімі справамі, па-другое, паходзіць з краіны, якая мяжуе з Беларуссю і якая добра ведае, што абазначае ў рэальнасці рэжым Лукашэнкі, па-трэцяе, яна праз сваю актыўнасць хоча, каб справа беларускіх палітвязняў, каб справа беларускіх медыяў не сыходзіла з поля зору ўсяго Еўрапарламенту.

    Я тут яшчэ хачу сказаць з нашага панадворку, што гэтай сустрэчы не было б і актыўнасці тэматыкі беларускай, каб менавіта ў той жа дэлегацыі і асістэнтам спадарыні Гасеўскай не быў наш беларус Яраслаў Муська, які закончыў беларускі ліцэй у Бельску, які закончыў міжнародныя студыі ў Менску, і цудоўна паслугоўваецца беларускай мовай і англійскай. І тут маем такі наглядны прыклад для тых, хто не хоча вывучаць беларускай мовы сёння. Вось як раз веданне беларускай мовы і актыўнасць паспрыяла таму, што Яраслаў сёння настала працуе ў Еўрапарламенце. І я яму дзякую за дапамогу. Гэты візіт без яго не меў бы такога эмацыянальнага характару і той атмасферы. Бо яму таксама вельмі добра зразумела і баліць на сэрцы і душы ўсе беларускія справы.

    А што тычыцца справаў нашых медыяў, то яны вельмі цяжкія. Справа моцна ўскладнілася пасля рашэнне амерыканскай адміністрацыі пра тое, што абрываецца фінансаванне з боку ЗША. Побач з праектамі, якія, я лічу, былі зусім не патрэбныя, паляцелі праекты, якія мелі вялікія значэнні ўвогуле для існавання незалежнай беларускай прасторы.

    У сваім выступу я звяртаў увагу на тое, што нельга спалучаць разам у адно фінансаванне расейскіх і беларускіх медыяў. Гэта дзве розныя справы, дзве розныя праграмы, гэта супярэчлівыя інтарэсы нават у так званым незалежным дэмакратычным расейскім свеце. Бо мы памятаем погляды ліберальных расейскіх палітыкаў наконт Беларусі, якія ў нічым не памяняліся за мінулы час.

    Цалкам размову слухайце тут

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці