Што выявіла дзяржаўная псіхалінгвістычная экспертыза артыкулаў журналіста Ігара Ільяша?
Экспертызу рыхтаваў цягам некалькіх месяцаў загадчык кафедры на філфаку Белдзяржуніверсітэта, доктар філалогіі Сяргей Лебядзінскі.

Ігар Ільяш. Фота: svaboda.org
4 і 5 верасня Мінскі гарадскі суд у адкрытым пасяджэнні заслухаў высновы лінгвістычнай экспертызы публікацый палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша. Экспертызу цягам некалькіх месяцаў рыхтаваў загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філфаку БДУ, доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі.
Працэс над журналістам Ігарам Ільяшом распачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Пасля трох пасяджэнняў 12 сакавіка суддзя Сяргей Кацэр аб’явіў перапынак для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы 15 аналітычных артыкулаў аўтарства журналіста. Хадайніцтва палітвязня Ігара Ільяша пра тое, каб экспертыза ладзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў.
На сваёй старонцы ў Facebook журналіст і дзед жонкі Ільяша Сяргей Ваганаў распавёў пра тое, што адбывалася 4 і 5 верасня ў судзе. Паводле спадара Ваганава, суддзя Сяргей Кацэр вёў гэтую частку працэсу аб’ектыўна і адпаведна працэсуальным нормам: «даваў напоўніцу выказацца ўсім бакам працэсу, калі прыпыняў тыя ці іншыя пытанні альбо тлумачэнні, дык выключна для іх удакладнення». Што стварала ў прысутных магчымасць дакладна зразумець змест экспертызы, яе абгрунтаванасць, кірунак і падыход эксперта для вырашэння сваёй задачы: адказаць на пытанне, ці ўтрымліваецца ў артыкулах Ігара Ільяша дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь шляхам распаўсюду «заведама хлуслівых звестак», адказнасць за якую прадугледжаная артыкулам 369–1 Крымінальнага кодэкса РБ.
Сяргей Ваганаў падзяліўся асабістымі ўражаннямі ад экспертызы. На яго думку, экспертная ацэнка зместу публікацый Ігара Ільша заснаваная на палітычных поглядах спадара Лебядзінскага.
«Так, напрыклад, ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам “палітзняволеныя”, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусветнай паліталогіі. Як існуе і тэрмін “палітычная эміграцыя”. Але, на думку эксперта, трэба карыстацца тэрмінам “беглыя апазіцыянеры”. А тэрмін “дыктатура”, якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны. (…) Нельга пісаць і “вайна супраць Украіны”, бо гэта, з гледзішча эксперта, “вайна супраць кіеўскага рэжыму”, а не супраць народа, доказам чаго, лічыць эксперт, з’яўляецца тое, што расійскія войскі “не захопліваюць, дакладней, не вызваляюць гарады, таму што хвалююцца аб насельніцтве, што там жыве…”. Лебядзінскі, безумоўна, мае права на такі пункт гледжання. Але прычым тут экспертыза?», — зазначае Сяргей Ваганаў.
Паводле яго ўражання, эксперт Лебядзінскі дэманструе «відавочную маніпулятыўнасць у тлумачэнні тых ці іншых фактаў з артыкулаў Ільяша, іх інтэрпрэтацый пры адсутнасці спасылак на канкрэтныя крыніцы сваіх высноў».
«У сваіх адказах на пытанні Ігара Ільяша эксперт пазбягаў канкрэтыкі, спасылаўся на нейкія законы лінгвістыкі, якія не маюць аніякіх адносінаў да прафесійнай журналістыкі, блытаўся ў прававых асаблівасцях беларускага заканадаўства і дамовах паміж краінамі СНД… Я ўвогуле не ведаю, як ставіцца да таго, што доктар філалогіі называе савецкіх ваеннапалонных і яўрэяў, ахвяр нацысцкіх канцлагераў «у пэўным сэнсе дысідэнтамі», а ў непрыманні тэрміна «палітвязні» чамусьці згадвае нацысцкіх ваенных злачынцаў, асуджаных на Нюрнбергскім працэсе… Карацей, журналіст павінен быў пісаць, як таго хоча спадар Лебядзінскі. Тады не будзе аніякай «дыскрэдытацыі». Невядома толькі, што рабіць з 33‑м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога «кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх».
Сяргей Ваганаў як «журналіст са звыш 60-гадовым стажам» адзначае, што ў артыкулах Ільяша не знайсці «адназначна выказаных асабістых поглядаў». «Так, у іх адлюстравана стаўленне апазіцыі да палітыкі ўладаў, як і стаўленне ўладаў да апазіцыі. Але гэта не «хлесткая публицистика» кшталту азаронкаўскай, ды й не публіцыстыка ўвогуле, а цалкам непрадузяты, узважаны і глыбокі крытычны аналіз тых ці іншых падзей і з’яваў бягучай палітыкі. Нездарма спадар Лебядзінскі патлумачыў шматмесячную працу над экспертызай цяжкасцю ў пошуку абгрунтаваных доказаў, а цяжкасць — вопытнасцю журналіста, яго высокай прафесійнасцю, даслоўна — «майстэрствам». Такі, маўляў, Ільяш мудрагелісты ў сваім памкненні глыбока схаваць намер дыскрэдытаваць дзяржаву і палітыку яе кіраўніцтва», — піша Сяргей Ваганаў.
Справа Ігара Ільяша
Ільяша абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням». Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў «збор звестак для замежных выведак — даваў каментары ўкраінскім выданням».
На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. «На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў той ці іншы час», — сказаў ён.
Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».
22 лістапада 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Ільяша палітычным вязнем.
У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 сутак, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.
Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яны вялі жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі («плошча Перамен» — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).
У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўлення волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову палітычнымі вязнямі.
13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгавораная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання ўвосень 2020 года.
20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты вырак дзейным. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» замененая на «шпіянаж».
3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. зараз жыве ў Польшчы.
