«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Instagram-акаўнт журналіста і пісьменніка Сашы Філіпенкі, сайт «Беларускага моладзевага хаба» ў Варшаве
21 траўня Міністэрства інфармацыі Беларусі зноў папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У ліку іншых забароненых да распаўсюду інтэрнэт-рэсурсаў унесеная старонка ў Instagram беларускага пісьменніка і журналіста Сашы Філіпенкі.

Саша Філіпенка. Фота: https://t.me/sasha_filipenko
Instagram-акаўнт «sashafil» (ідэнтыфікатар instagram.com/sashafil) уключылі ў гэты спіс паводле рашэння суда Савецкага раёна Мінска ад 19 траўня 2025 года. Гэта асабістая старонка журналіста і пісьменніка Сашы Філіпенкі, які ў 2020 годзе падтрымаў беларускія пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Праз гэта ён трапіў і пад крымінальны пераслед за нібыта распальванне варожасці (частка 3 артыкула 130 КК РБ).
Саша Філіпенка з’яўляецца гарамадзянінам Беларусі, але працяглы час жыў у Расіі. З 2009 па 2011 гады ён працаваў на «Першым канале», дзе пісаў сцэнары да шэрагу тэлепраграм. Потым перайшоў на тэлеканал «Дождь», дзе вядоўцам праектаў «Вечерний Герасимец» и «Ездим дома!». У 2020 годзе вёў штотыднёвую праграму «На троих» на телеканале RTVI. Тады ж ён запачаткаваў свой YouTube-канал «Бывший сын», дзе правёў «Солидарные чтения» на падтрымку тых, хто выступаў за палітычныя змены ў Беларусі. Найбольш шырока Саша Філіпенка вядомы як сучасны пісьменнік — аўтар пяці раманаў, за сваю творчасць ён уганараваны шматлікімі літаратурнымі прэміямі.
У адпаведнасці з рашэннем суда Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 19 траўня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны інтэрнэт-рэсурс «Беларускi Хаб у Варшаве» (ідэнтыфікатар byhub.org). Гэта старонка ініцыятывы «Беларускі моладзевы хаб» — грамадскай пляцоўкі для беларускіх арганізацый, ініцыятыў і актывістаў у вымушанай эміграцыі, якая распачала сваю дзейнасць у 2021 годзе.
