«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: суполка «Радыё Свабода» у «Одноклассниках»
15 лістапада абнавіўся Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі. У пералік забароненых інфармацыйных рэсурсаў дададзеныя сярод іншых суполкі «Свабода» і «Bel.Lit» у сацыяльнай сетцы «Одноклассники».
Кантэнт суполкі «Свабода» ў сацсетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/belsvaboda) быў прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» рашэннем суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 13 лістапада 2024 года.
Гэтая група афілявана з «Радыё Свабода» — незалежным СМІ, абвешчаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Шэраг іншых інтэрнэт-рэсурсаў «Радыё Свабода» былі ўнесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў раней.
12 лістапада той самы суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» суполку «Bel.Lit» у «Одноклассниках» (ідэнтыфікатар ok.ru/bel.lit). На гэтай старонцы прапагандуюцца каштоўнасці беларускай мовы, гісторыі і культуры.
