«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: TikTok-акаўнт «@nexta_by» і YouTube-канал «Бумажные города»
15 красавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
У пералік паводле рашэння суда Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ад 10 красавіка 2025 года ўключылі TikTok-акаўнт «@nexta_by» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@nexta_by).
Рэсурсы праекта Nexta даўно пад увагай беларускіх судоў. У прыватнасці, 24 сакавіка 2025 года суд Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суполку ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з назвай «Беларусь/Новости/NEXTA Live», а рашэннем суда Лідскага раёна Гродненскай вобласці ад 25 лютага 2025 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» абвешчаны Іnstagram-акаўнт з назвай «nexta_live_belarus». Трохі раней TikTok-акаўнт «_nexta_live» і яго лагатып пастанавіў лічыць «экстрэмісцкімі» суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 11 красавіка 2025 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны YouTube-канал «Бумажные города» (ідэнтыфікатар youtube.com/@PaperTowns_BY).
Гэта відэапраект грамадскай ініцыятывы «Чэсныя людзі». За мэту аўтары канала паставілі тлумачыць гледачам, як працуе і якія мэты пераследуе дзяржаўная прапаганда ў Беларусі. Рэсурс мае 7,12 тыс. падпісчыкаў.
