«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: некалькі інтэрнэт-рэсурсаў «Радыё Свабода», старонка BGmedia ў Facebook
11 красавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пералік, паводле рашэнняў рэгіянальных судоў, уключылі шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, якія транслююць навіны з Беларусі і свету.

Выява створана БАЖ з выкарыстанем ChatGPT
«Экстрэмісцкай» прызнана інфармацыя, размешчаная на старонцы «Belarus News Headlines» у Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/belarusheadlines ). Адпаведнае рашэнне прыняў 9 красавіка 2025 года суд Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Старонка мае лагатып «Радыё Свабода» і ўтрымлівае спасылкі на публікацыі медыя. На старонку падпісаныя 3 тысячы чалавек.
«Экстрэмісцкім» прызнаны і TikTok-акаўнт «@svaboda_news» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@svaboda_news?_t=ZM-8uG5jqdPTOB&_r=1). Такое рашэнне 7 красавіка прыняў суд Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Рэсурс прэзентуе сябе як «Навіны ад Радыё Свабода. Без цэнзуры», на яго падпісаны 1 220 чалавек.
У той самы дзень суд Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» яшчэ адзін TikTok-акаўнт, які транслюе беларускія навіны. Ён мае назву «@belarusupdatehub» і ідэнтыфікатар tiktok.com/@belarusupdatehub.
Суд Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці 7 красавіка 2025 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест старонкі BGmedia ў Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/bgmediaclub). Гэтая старонка афіляваная з сайтам BGmedia, які быў уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў раней, у студзені 2024 года. Таксама на працягу 2024 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі абвешчаныя старонкі інтэрнэт- выдання ў сацсетках Х, Телеграм, Instagram, Facebook.
У абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі і некалькі інтэрнэт-рэсурсаў, звязаных з адукацыяй дзяцей і моладзі. Гэта сайт «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» (vasminoh.school) і яго старонка ў Facebook, а таксама старонкі праекта Adu Place ў Телеграм, Instagram, Facebook і «ВКонтакте».
