«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сацсеткі 73-гадовай блогеркі, TikTok-акаўнт «belarusnovosti1» і сайт «Честные люди»
«Надеюсь, мои ровесники станут слушать меня, а не пропаганду». Почему бабушка из фильма Дудя завела свой YouTube-канал. Міністэрства інфармацыі Беларусі 20 траўня ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Аляксандра Ханевіч. Фота: з асабістага архіва
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна ад 16 траўня 2025 года ў яго ўключылі асабістыя інтэрнэт-старонкі 73-гадовай блогеркі Аляксандры Ханевіч, якая цяпер знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаныя Instagram-акаўнт «Aliaksandra Khanevich | в 70 снялась у Юрия Дудя» (ідэнтыфікатар instagram.com/aliaksandrakhanevich),
Facebook-акаўнт «Aliaksandra Khanevich» (ідэнтыфікатар facebook.com/aliaksandra.khanevich ), YouTube-каналы «АЛЕКСАНДРА ХАНЕВИЧ» (ідэнтыфікатары youtube.com/@aliaksandrakhanevich і youtube.com/channel/UCuh0ijxvGgMhCEbtaxBxQ5g).
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска 16 траўня прызнаў «экстрэмісцкім» сайт грамадзянскай ініцыятывы «Честные люди» (ідэнтыфіктар honestby.org). «Ствараем медыяпрадукты і праводзім інфармацыйна-адукацыйныя кампаніі, абвяргаючы прапаганду і прасоўваючы дэмакратычныя каштоўнасці», — паведамляе пра сябе ініцыятыва.
У той самы дзень суд Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» акаўнт у TikTok з назвай «belarusnovosti1» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belarusnovosti1). Старонка мае амаль 8 тысяч падпісчыкаў, размешчаныя там відэаролікі прысвечаныя палітычным беларускім навінам.
15 траўня 2025 года суд Маладзечненскага раёна абвесціў «экстрэмісцкім» Instagram-акаўнт «skarynapress» (ідэнтыфікатар instagram.com/skarynapress). Гэта старонка выдавецтва і кнігарні «Скарына» ў Лондане.
