«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сайт Kresy24.pl і старонка «ХАЙ ТАК TV» у «Одноклассниках»
8 ліпеня Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла ў чарговы раз Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна ад 1 ліпеня 2025 года ў яго ўключылі сайт Kresy24.pl. Гэта інфармацыйны партал «Kresy24.pl – Wschodnia Gazeta Codzienna», які працуе з 2006 года і кіруецца няўрадавай арганізацыяй «Фонд свабоды і дэмакратыі». Рэсурс публікуе навіны з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі, Азіі і краін Каўказа.
Экстрэмісцкім прызнаны і лагатып партала. Паводле апісання на сайце Мінінфарма, гэта «схематычная выява птушкі (арла) з каронай на галаве, а таксама надпіс «Kresy24.pl», выкананыя чырвона-шэрым колерам».
Рашэннем суда Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ад 2 ліпеня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная старонка «ХАЙ ТАК TV» у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/53723453915298).
«Хай Так TV» — гэта сатырычнае шоу на тэлеканале «Белсат», падчас якога ўдзельнікі абмяркоўваюць палітычныя і іншыя навіны Беларусі і свету.
30 красавіка 2025 года «ХАЙ ТАК TV» уключылі ў «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». На сайце МУС тэлешоу названае «структурным падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання «БЕЛСАТ tvBELSAT».
