«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: TikTok-акаўнт Reform.news і старонкі блогера Сяргея Бяспалава
Міністэрства інфармацыі Беларусі 12 сакавіка абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пералік забароненых да распаўсюду дадалі TikTok-акаўнт незалежнага выдання Reform.news, інтэрнэт-рэсурсы блогера Сяргея Бяспалава і іншыя.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем ChatGPT
Cуд Ленінскага раёна Мінска 10 сакавіка 2025 года пастанавіў лічыць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» акаўнты блогера і стваральніка Telegram-канала «Мая краіна Беларусь» Сяргея Бяспалава, якога зараз судзяць у рэжыме спецыяльнай вытворчасці. Блогера вінавацяць паводле дзесяці крымінальных артыкулаў, у тым ліку ва ўдзеле ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК), паклёпе і знявазе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 і арт. 188 КК).
У «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфарма ўнесеныя яго старонкі:
- TikTok-акаўнт «beslive» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@beslive),
- YouTube-канал «Bes Live» (ідэнтыфікатар youtube.com/@beslive),
- Instagram-акаўнт «artasok» (ідэнтыфікатар instagram.com/artasok).
11 сакавіка 2025 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт суполкі «БелПравда» ў сацсетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/70000031384973).
Таксама «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» абвешчаны TikTok-акаўнт «reformculture» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@reformculture). Адпаведнае рашэнне прыняў 12 сакавіка 2025 года суд Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Гэтая старонка ў сацсетцы TikTok афіляваная з анлайн-выданнем Reform.news. Іншыя сацсеткі і месенджары медыя прызнаваліся «экстрэмісцкімі» раней.
