«Экстрэмісцкімі» прызналі старонку ў TikTok «Навiны Гродна i вобласцi» і Telegram-канал «Новостной чат: Украина, Беларусь, Россия»
Міністэрства інфармацыі РБ чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Паводле апошняга абнаўлення, у яго ўключылі старонку ў TikTok з назвай «Навiны Гродна i вобласцi» і ідэнтыфікатарам @grodnanews. Старонка мае 6 з паловай тысяч падпісчыкаў. На ёй у відэафармаце распавядаецца пра навіны Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі — пераважна тыя, якія не трапляюць у дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.
Згодна з рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 28 жніўня, экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны Telegram-канал «Новостной чат: Украина, Беларусь, Россия». Ён мае ідэнтыфікатар https://t.me/chat2020belarus.
На канал падпісаны менш за 300 чалавек, і апошнія паведамленні ў гэтай суполцы — гэта пераважна прыватныя аб’явы. Але раней там размяшчалася шмат інфармацыі пра напад Расіі на Украіну, фотаздымкі зруйнаваных дамоў ва ўкраінскіх гарадах і допісы, аўтары якіх асуджалі вайну і палітыкаў, якія яе распачалі.
