«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны відэарэсурсы гродзенскага сайта s13.ru
Міністэрства інфармацыі 18 сакавіка 2025 года папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых у пералік забароненых да распаўсюду дададзеныя відэарэсурсы гродзенскага сайта s13.ru.

s13.ru. Скриншот автора БАЖ
Рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 14 сакавіка 2025 года «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй прызнаныя:
- TikTok-акаўнт «s13.ru» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@s13.ru),
- YouTube-каналы «s13.ru» (ідэнтыфікатары youtube.com/@s13ru_official і youtube.com/channel/UCnhD4-a0VQHsaWMSHC7LF6Q).
Раней, 28 кастрычніка 2024 года, той самы суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі» сайт s13.ru і яго лагатып, старонку выдання ў «Одноклассниках» з назвай «s13.ru — новости Гродно и региона» і лагатып гэтай старонкі, Telegram-канал «s13.ru — Новости Гродно» і яго лагатып, а таксама любы візуальны матэрыял з тэкстам «s13.ru».
Праз тыдзень, 5 лістапада, гродзенскі гарадскі сайт s13.ru быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем» — інфармацыя пра гэта з’явілася ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі толькі праз месяц.
У якасці групы грамадзян, якія, на думку сілавога ведамства, здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» на гэтых рэсурсах, былі названыя Сяргей Чабоцька і Раман Алешка.
На той час галоўны рэдактар партала s13.ru Сяргей Чабоцька ўжо быў за кратамі: яго затрымалі яшчэ 23 кастрычніка 2024 года.
Спачатку яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да «экстрэмісцкай дзейнасці» альбо прапагандуе такую дзейнасць). Потым, не выпускаючы на волю, асудзілі паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).
Трэці адміністрацыйны арышт быў прызначаны Чабоцьку зноў па абвінавачанні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але і пасля яго з‑за кратаў рэдактар гродзенскага сайта s13.ru так і не выйшаў — у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. На сёння Сяргея Чабоцьку ўтрымліваюць у СІЗА пры гродзенскай турме № 1.
28 снежня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Чабоцьку палітычным вязнем.
