• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кацярына Андрэева ўпершыню пасля этапавання ў калонію пабачылася з мужам

    У гомельскай калоніі адбылося спатканне палітзняволенай Кацярыны Андрэевай з мужам Ігарам Ільяшом. Мінулы раз яны бачыліся ў красавіку яшчэ да этапавання ў калонію.

    Гэта было іх першае спатканне пасля пераводу журналісткі «Белсату» ў папраўчую калонію ў Гомлі, сустрэча доўжылася амаль чатыры гадзіны. Раней у іх было два спаткання ў СІЗА — у лютым і красавіку 2021 года (гадзіна і дзве гадзіны адпаведна).

    «Каця была ў стандартнай казённай сукенцы з нашытай на грудзі жоўтай біркай. На бірцы — яе здымак, артыкул, па якім яна асуджаная, даты знаходжання пад вартай. Кацю размеркавалі на агульныя працы на швейную вытворчасць, яны адшываюць трыкатажныя вырабы для сілавікоў: шапкі, пагоны, джэмперы, дробныя дэталі адзення. Цяпер яна працуе памочніцай швачкі, перыяд навучання новай спецыяльнасці яшчэ не скончыўся», — распавядае муж палітзняволенай.

    Паводле Ігара Ільяша, Кацярына моцна стамляецца, вольнага часу практычна няма — менавіта таму яна просіць прабачэння за тое, што не можа адказаць на ўсе лісты. «Спагнанняў у яе не было. На стаўленне да сябе з боку адміністрацыі калоніі не скардзіцца. Што тычыцца бытавых умоваў, то яны істотна лепш, чым у жодзінскім СІЗА і на Валадарцы», — дадае муж журналісткі.

    «Каця прыкметна схуднела, але гэта не хваравітая худзізна. Выглядае яна, з улікам сітуацыі, добра. А галоўнае — трымаецца цвёрда і ўпэўнена. Сказала, што ні пры якіх абставінах не стане пісаць прашэнне аб памілаванні (калі ёй будуць прапаноўваць). Гэта яе прынцыповая пазіцыя», — кажа Ігар Ільяш.

    ***

    Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэкса. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суд Мінска Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    Журналісткі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

    Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.

    Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд і спыніць вытворчасць у гэтай крымінальнай справе. Але судовая калегія Менгарсуду ў складзе Валянціны Зянькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка адхіліла апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. Самі журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі — суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават праз відэасувязь.

    У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі — такім колерам пазначаюць асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці