• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кацярына Ваданосава: «Па выніку я магу сказаць, што я — супержанчына!»

    Чым зараз жыве спявачка і вядучая Кацярына Ваданосава? Як змагаецца з ракам і пераносіць «хімію»? Дзе бярэ сілы? На каго разлічаны яе новы відэапраект «Трызуб і Пагоня» ды — які фідбэк ужо атрымала вядучая?

    Кацярына жыве з мужам і двума дзецьмі ў Беластоку. Кажа, што не хавае сваёй сталай лакацыі, бо «ўсе губазікі і так ужо ведаюць». Здымаецца ў праграме «Хай Так» для «Б*сату» ды вядзе гісторыка-папулярны серыял «Трызуб і Пагоня» ад кампаніі «Будзьма!». З‑за раку Кацярына перажыла дзве аперацыі. Праходзіць курс хіміятэрапіі ды радыкальна змяніла імідж: развіталася з раскошнымі рудымі валасамі.

    Дамо слова нашай гераіні.

    Раней «у бездны мрачной на краю» добра пісалася. Зараз — не

    — Цябе зараз можна ўбачыць у розных відэапраектах. А што з музыкай?

    — Зараз хутчэй хатнія экзэрсісы, бо ў Беластоку не маю свайго гурта. Праект, які рабілі ўдвох з гітарыстам, таксама на паўзе, бо ён у Варшаве. Здаецца, зусім блізка, але ў маім сённяшнім стане асабліва не наездзішся. Збіраю ідэі, напрацоўкі, засвойваю электронную музыку, каб рабіць сабе плэйбэкі. Пакуль так.

    — Якое месца музыкі сярод навакольных праблем: і глабальных, і Тваіх асабістых?

    — Мне радасна, калі клічуць некуды граць, спяваць. Дае палёгку. Іншая справа, што зараз асабліва не клічуць. Кажу: «Я лысая і буду такой да канца зімы», а яны тушуюцца, разгублена гавораць, што ператэлефануюць калі-небудзь… Выконваць музыку я магу. А вось з напісаннем — затык.

    Раней я лічыла сябе чалавекам, які стварае нешта акурат у моманты «трындзеца». Калі нешта страшнае адбываецца. Як Пушкін пісаў: «…есть упоение в бою, у бездны мрачной на краю». Вось мне каля гэтай змрочнай бездані на краі раней добра пісалася. А зараз гэтая бездань такая вялікая, што я не ведаю, як пералапачваць усё гэта ў вершы і музыку. Не магу пакуль сублімаваць.

    — Што большы наркотык: аўдыторыя на ТБ ці Ютубе або — жывая на канцэрце?

    — Канечне, жывая! Гэта ж нельга перадаць нават. Пасля любога канцэрту прыходжу дадому і не магу спаць. Не перад канцэртам, з‑за хвалявання, а акурат пасля. Бо адчуваю сябе адначасна і выціснутай, і напоўненай неймаверна. Супярэчлівыя вельмі адчуванні. Нібы здаеш важны экзамен і здаеш — на 10-ку!

    Тое, што я працую, патрэбна найперш мне

    — Што ў Тваім жыцці найбольш змянілася пасля раку?

    — Галоўная карэктыва — гэта тое, што мой час мне не належыць. Зараз праходжу хіміятэрапію. Думала на пачатку: навошта перапынкі паміж сеансамі ў тры тыдні? Амаль месяц! Аказалася, так трэба. Пасля першай хіміі думала, што паміраю: панічныя атакі, галюцынацыі, чаго толькі не было… Будзе чарговая хімія: чаго чакаць? Як арганізм адрэагуе?

    Яшчэ я прывязаная да месца: не магу нікуды з’ехаць. Адмаўляюся ад працоўных прапановаў, выступаў у той самай Літве, бо мая прывязка — Беластоцкі цэнтр анкалогіі. А пасля хіміі будзе апраменьванне — радыётэрапія. Невядома, як надоўга ўсё гэта, паглядзім.

    — Як даеш рады спалучаць працу са станам здароўя? Дзе бярэш сілы?

    — Калі не буду працаваць, будзе цяжкая фінансавая сітуацыя (усміхаецца). Таму бяруся за шматлікія праекты. Гэта рэальна дапамагае: калі б сядзела дома, шкадавала сябе і гладзіла па лысай галаве — было б значна горш. А так адчуваю сябе патрэбнай, не маю права кіснуць. Тое, што я працую, патрэбна найперш мне. З гэтага і бяру сілы. Таму, думаю, усё да лепшага.

    «Украінцы вераць у тое, што кажуць. Гэта надае ім моцы»

    — Перад Польшчай ты жыла ва Украіне, так?

    — На пачатку з Беларусі мы з’ехалі ў Літву. Там пражылі паўтара месяцы. Ва Украіну мяне паклікалі працаваць: спачатку лятала туды-сюды па працы. Пазней пераехалі ўсёй сям’ёй, дзеці (дачцэ 11, сыну 8) пайшлі ў школу ўкраінскую. Там спрабавалі ўладкаваць жыццё, капіць грошы, але тыя рахункі заблакавалі пасля пачатку вайны.

    — Не разблакавалі дагэтуль?

    — Не. Увесь сямейны бюджэт на той момант там застаўся. Мы думалі машыну набыць, бо наша засталася ў Мінску, але — не лёс. Мэблю там куплялі, коўдры, посуд — усё засталося. Зараз калі ўзгадваю, дык не тое, каб з гумарам, але… гэта вельмі карысны досвед.

    Прынамсі, па выніку я магу сказаць, што я — супержанчына. Памятаю, як мы ўзімку мяжу пераходзілі з дзецьмі ў чарзе з тысяч і тысяч такіх самых жанчын і дзяцей. Аказалася, што ў мяне ўнутры столькі моцы! Таму і рак стараюся ўспрымаць як нешта шараговае.

    — Як прастуду?

    — Ну так, амаль (смяецца).

    — Чым украінцы адрозніваюцца ад беларусаў?

    — Украінцы вельмі безапеляцыйныя, адкрытыя, не хаваюцца. Калі беларус сустракае чалавека з адрознымі ад ягоных поглядамі, то найчасцей спрабуе прыладзіцца, каб суразмоўцу і яму не было няёмка. А ўкраінец будзе «задвігаць» табе сваю пазіцыю. Едзеш з таксістам у Кіеве. Той чуе беларускую мову, кажа: «З Беларусі?». «Так». А далей — пачынае хваліць Лукашэнку, які ён класны. Кажаш яму: «Не, не класны…» А той не слухае і хваліць далей усю дарогу.

    Украінцы сапраўды вераць у тое, што кажуць. І гэта надае ім значна больш сілы, чым нам. Мы ж схільныя лавіраваць, згладжваць вуглы… а яны вельмі настойлівыя, рашучыя, пасіянарныя. Усё гэта зараз вельмі добра бачна па тым, як яны ваююць.

    — А ёсць нейкая суперякасць, якой украінцы маглі б павучыцца ў беларусаў?

    — Мы — беларусы — заўсёды больш слухаем, чым гаворым. Магчыма, гэта таксама карысная якасць, калі сумяшчаць яе з уменнем гаварыць і крычаць.

    «Трызуб і Пагоня» — нарэшце гэта пра тое, што люблю я!

    — Сярод тваіх актуальных праектаў — гісторыка-папулярны серыял «Трызуб і Пагоня». Гэта праца для працы ці нешта большае?

    — Калі сябры ў мяне раней пыталіся, ці бачыла я гэты ці іншы серыял, я заўсёды аднеквалася. Не гляджу я серыялы — толькі ролікі па гісторыі…

    — А «Гульня тронаў»? «Вікінгі»?

    — «Гульню…» я даглядзела да моманту, калі Ланістэру адрубілі руку. А з «Вікінгамі» мяне хапіла на паўтара сезоны. Соры, гістарычная адукацыя наўпрост не дазволіла далей глядзець. Я скончыла гістфак з чырвоным дыпломам, але ніколі не магла прыкласці некуды свае веды. Таму мне страшна падабаецца «Трызуб і Пагоня» — нарэшце гэта пра тое, што люблю я! Як бы пафасна не гучала, але на здымкі хаджу як на свята.

    — Ці ўжо сутыкалася з фідбэкам на перадачу? Што кажуць?

    — І станоўчы, і адмоўны фідбэк быў. Важна, што ў нас грамадства яшчэ не прызвычаілася, што гісторыю можна падаваць у навукова-папулярным ключы. Бо як звычайна? Сядае які-небудзь, не ў крыўду, заслужаны прафесар у гадах, слова якога — закон, і ніякага сумневу быць не можа, бо ступені і званні ззяюць, як німб… і расказвае. А калі нехта пачынае рабіць кантэнт, блізкі звычайнаму чалавеку, то сутыкаецца з крытыкай акурат з боку прафесійных навукоўцаў. І нават не таму, што недзе памылка, а таму, што пра гісторыю, маўляў, нельга так казаць — гэта прыніжае музу гісторыкаў Кліа і г. д.

    Але, на мой погляд, трэба рабіць усё, каб людзі, якія ніколі ў жыцці не чулі пра Альгерда ці Мазепу, даведаліся хоць нешта і далей ужо шукалі інфармацыю самі. Каб ім захацелася праз простую, зразумелую і экспрэсіўную падачу палезці хаця б у Вікіпедыю. І калі так адбываецца — гэта найвялікшая ўзнагарода! Ад такіх людзей, якія ніколі не цікавіліся гісторыяй, я чую выключна станоўчы фідбэк.

    Каментары пад сваімі праграмамі я ніколі не чытала і не чытаю. Мо’ часу шкада, не ведаю. Часам пішуць у асабістыя: і ўкраінцы, і беларусы. Цікава, што ўкраінцы падкрэсліваюць: так, мы асобныя незалежныя дзяржавы, але маем агульную гісторыю.

    — Як беларусам і ўкраінцам наладжваць масты паміж сабой? Дзе ў гэтым месца культуры і гісторыі?

    — У плане прымірэння нашых народаў у гісторыі, культуры і адукацыі найбольш шанцаў. Выкарыстанне ўсяго гэтага — адзіны шлях, які маем. Трэба адукоўвацца, шукаць тое, што яднае, распавядаць пра гэта. У тым ліку шукаць у мінуўшчыне і гэтую рэтраспектыву ўключаць у сучаснасць. Мы ніколі не былі адзіным народам, але былі роднаснымі. Усёй душой і сэрцам я з Украінай і веру, што яна пераможа!

    Чытайце яшчэ: 

    Найлепшай выпускніцай журфака прызналі дачку палкоўніка КДБ

    «Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗА

    Саша Романова: «Что чувствуешь, когда лишают гражданства»

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці