Каманда журналістаў ізноў выйграла футбольны кубак імя Карпенкі
У апошні дзень ліпеня каманда футбалістаў ГА “БАЖ” другім разам за год парадавала сваіх калегаў і заўзятараў. У нядзелю дружына бажаўцаў перамагла ў ХІХ-м Кубку Свабоды імя Генадзя Карпенкі, адолеўшы ў фінале ў серыі пенальці зборную Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП).
У турніры ўзялі ўдзел каманды БАЖ, АГП (абедзве арганізацыі былі суарганізатарамі спаборніцтва), а таксама дружыны Партыі БНФ, Беларускага Хельсінскага камітэту, Беларускага руху, Руху “За свабоду”, аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Традыцыйны футбольны турнір прысвечаны памяці выбітнага беларускага палітыка і грамадскага ды дзяржаўнага дзеяча, былога мэра Маладзечна і віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі, які быў адным з заснавальнікаў Кубка Свабоды і ў свой час нават з’яўляўся рэферы першынства Беларусі па футболе, маючы катэгорыю суддзі рэспубліканскай катэгорыі.
Цяперашняя перамога каманды ГА “БАЖ” стала другой у бягучым годзе. Крыху раней зборная журналістаў перамагла ў традыцыйным штогадовым футбольным турініры памяці зарана пайшоўшага з жыцця Юрыя Шырокага – намесніка кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Такім чынам, сёлета зборная журналістаў зрабіла “залаты дубль”. Віншуем і ганарымся!!!
