• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былы дырэктар выдання «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых выйшаў на волю

    Як стала вядома БАЖ, былы дырэктар незалежнай эканамічнай газеты «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых выйшаў на волю 23 кастрычніка, цалкам адбыўшы тэрмін зняволення.

    Канстанцін Залатых партрэт

    Канстанцін Залатых. Фота: з сацсетак

    Канстанціна Залатых затрымалі 18 траўня 2022 года пасля вобшукаў у кватэрах супрацоўнікаў выдання і ў офісе рэдакцыі. Пасля допыту галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча (раптоўна памёр напачатку 2024 года) і бухгалтарку выдання адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай. Першапачаткова яму выставілі крымінальнае абвінавачанне ў распальванні варажнечы, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай.

    Спачатку Залатых трымалі ў жодзінскім СІЗА, потым на пачатку жніўня 2022 года перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем і патрабавала спыніць нічым не матываваны пераслед.

    Судовы працэс над медыяменеджарам распачаўся 24 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе за закрытымі дзвярыма. 6 красавіка 2023 года Канстанціну Залатых прысудзілі чатыры гады зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Алена Шылько прызнала яго вінаватым адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК), абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (артыкул 368 КК), распальванне варожасці ці варажнечы (артыкул 130 КК), перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў (артыкул 426 КК).

    Вярхоўны суд Беларусі прадказальна толькі пацвердзіў прыгавор. 4 ліпеня 2023 года суддзя Уладзімір Чаравач, разгледзеўшы апеляцыйную скаргу Канстанціна Залатых, пакінуў рашэнне першай судовай інстанцыі без зменаў. Слуханне ў Вярхоўным судзе таксама адбывалася ў закрытым рэжыме.

    13 ліпеня 2023 года КДБ Беларусі дадаў Канстанціна Залатых у пералік асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці», а 21 ліпеня 2023 года МУС унесла яго ў спіс «экстрэмістаў».

    Медыяменеджар адбываў прысуд у ПК № 1 у Наваполацку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці