Карлюкевіч: Новая рэдакцыя закона аб СМІ павінна закрануць інтэрнэт і сацсеткі
Новая рэдакцыя закона аб сродках масавай інфармацыі павінна быць шчыльна звязана з працэсамі, якія адбываюцца ў электронных СМІ і сацсетках.
Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на перадачы «Клуб рэдактараў» у эфіры тэлеканала «Беларусь‑1».
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што змены ў першую чаргу датычацца сацыяльных сетак. «Гэта перш за ўсё выступы ў сацсетках, інтэрнэце», — удакладніў Аляксандр Карлюкевіч.
У Расіі і краінах ЕС актыўна працуюць над удасканаленнем заканадаўчай базы, якая рэгулюе гэтыя пытанні. «Трэба даганяць і фарміраваць не толькі грамадскае меркаванне, але і заканадаўчыя аспекты», — лічыць міністр.
У той жа час, паводле яго слоў, важна не перайсці пэўную мяжу. «Важна, каб закон не выконваў функцыі цэнзара і не абмяжоўваў грамадства і яго права на свабоду выказвання», — падкрэсліў ён.