Журналіст Ігар Карней падаў апеляцыйную скаргу на прысуд
Журналіст Ігар Карней абскарджвае ў Вярхоўным судзе прыгавор, вынесены яму Мінскім гарадскім судом па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні». 22 сакавіка суддзя Мінгарсуда Сяргей Кацэр прызнаў журналіста вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу памерам 20 тысяч рублёў.

Ігар Карней. Фота: «Радыё Свабода»
Пра тое, што Ігар Карней падаў апеляцыю на прысуд, даведалася «Радыё Свабода». Таксама са спасылкай на сваячку палітвязня медыя паведаміла пра тое, што журналіста этапавалі з Мінскага СІЗА‑1 на вул. Валадарскага ў Магілёўскі СІЗА, які месціцца ў тамтэйшай турме № 4. Там яго будуць ўтрымліваць да разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе.
На «Валадарцы» ў Мінску Ігар Карней правёў больш за 8 месяцаў. Журналіста-фрылансера затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года — як было абвешчана сваякам, на 10 сутак. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі. Некалькі дзён Карней знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, потым яго перавялі ў следчы ізалятар № 1.
Пра тое, што стала нагодай для ўтрымання пад вартай і ў чым канкрэтна звінавацілі журналіста, стала вядома толькі пасля пачатку судовага разбіральніцтва.
Паводле афіцыйных СМІ, прычынай крымінальнай справы, распачатай супраць Ігара Карнея, стала яго супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, на пачатку 2023 года абвешчаная рашэннем КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем».
25 сакавіка, у Дзень Волі, беларуская праваабарончая супольнасць абвясціла асуджанага незалежнага журналіста палітычным вязнем. Рашэнне беларускага суда ў дачыненні да Ігара Карнея асудзіў Камітэт па абароне журналістаў (CPJ). «Уладам Беларусі хапіла трох дзён, каб адправіць Ігара Карнея ў турму на тры гады: тыповы прыклад хуткасці і самавольства ў прысудах у дачыненні да незалежных журналістаў у краіне, — заявіла каардынатарка праграмы CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід. — Беларускія ўлады павінны неадкладна зняць усе абвінавачанні з Карнея і вызваліць яго разам з усімі іншымі зняволенымі журналістамі».
